Фільм «Артэфакт другі: Кубак Івуліна» з серыі дакументальных стужак праекта «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі» будзе паказаны 4 лістапада ў Празе ў межах кінафестывалю «Unbroken and Sacrificed»
Гэта стужка рэжысёра Арцёма Багаслаўскага - другі фільм з серыі «Артэфакты», якая распавядае пра лёсы вядомых беларусаў, якія супрацьстаялі рэжыму Лукашэнкі. Перададзеныя імі артэфакты - сімвалы супраціву - зараз беражліва захоўваюцца ў фондах музея.
Стужка паказвае гісторыю спартыўнага журналіста, блогера і стваральніка папулярнага YouTube-канала «ЧестнОК» Аляксандра Івуліна. За сваю грамадзянскую пазіцыю Аляксандр правёў два гады ў турме. Пакуль ён быў за кратамі, беларусы Варшавы арганізавалі ў яго падтрымку футбольны турнір - «Кубак Івуліна», які стаў магутным сімвалам салідарнасці з ім і іншымі палітвязнямі. Зараз гэты турнір носіць імя Мікіты Мелказёрава - пастаяннага ўдзельніка турніру, славутага беларускага журналіста, які скарасціжна памёр напрыканцы мінулага года.
У стужцы Аляксандр Івулін дзеліцца сваёй гісторыяй - як футбол стаў для яго, яго сяброў і прыхільнікаў сінонімам салідарнасці і надзеі. Пасля паказу плануецца дыскусія з удзелам самога Аляксандра.
Мерапрыемства пройдзе ў KINO ATLAS PRAHA (Ke Štvanici 371/4, Прага), пачатак у 16:15 па мясцовым часе. Арганізатарамі выступаюць Музей памяці XX стагоддзя і Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі.
Усе серыі цыкла «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі», ідэя і канцэпцыя якога належаць вядомаму беларускаму рэжысёру-дакументалісту Максіму Шведу, можна паглядзець на YouTube-канале «Саша, что ты несешь?!».
https://www.youtube.com/watch?v=0bjVYdYKBok&list=PLKTeHPn8jIlS4XJFe7hQCZ0iuGI_zLXV6