
Нягледзячы на надвор’е, вы знайшлі час і жаданне быць разам з намі. Шчыра дзякуем кожнаму за падтрымку!
Адкрываючы выставу, дырэктарка Музея Вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская распавяла пра праект «Дэпатрыяцыя» і пра супрацоўніцтва з людзьмі ў Беларусі. Нам падаецца, што разам мы захоўваем не толькі матэрыяльную спадчыну і сведчанні найноўшай гісторыі, але і падтрымліваем жывыя сувязі паміж тымі, хто быў вымушаны з’ехаць, і тымі, хто застаўся.
З вітальным словам да гасцей таксама звярнуўся Роланд Хайнацкі, дырэктар Дэпартамента культурнай дыпламатыі і прасоўвання Польшчы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Сваімі гісторыямі падзяліліся і ўдзельнікі выставы:
• Паліна Шарэнда-Панасюк — беларуская грамадская актывістка з Брэста, палітзняволеная, якая стала сімвалам стойкасці і непахіснасці перад дзяржаўнымі рэпрэсіямі. Ёй удалося перадаць Музею бюлетэні з выбараў 2020 года, якія рэжым спрабаваў спаліць у кацельні.
• Кацярына Карпіцкая, журналістка. На выставе прадстаўлена яе журналісцкае пасведчанне, на якім захаваліся сляды спробы аднаго з сілавікоў разарваць дакумент.
• Уладзімір Лапцэвіч — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч з Магілёва. На выставе можна пабачыць частку яго прыватнага архіва: збор дакументаў і выданняў 1990-х і пачатку 2000-х гадоў — матэрыялы пра парушэнні грамадзянскіх правоў у Магілёве, дакументы грамадскіх і палітычных арганізацый, у тым ліку Беларускай Народнай Грамады, рэгіянальную незалежную прэсу, а таксама сведчанні першых выбарчых кампаній незалежнай Беларусі.
Дзякуем усім, хто дапамагае захоўваць гісторыю.
«Дэпатрыяцыя» працуе ў Музеі Вольнай Беларусі да 26 чэрвеня. Запрашаем!
*Выстава арганізавана пры падтрымцы Belarus Beehive i Еўрапейскага Саюза












