
У пачатку сакавіка 2025 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылося першае пасяджэнне новага грамадскага аб’яднання, створанага беларускімі дзеячамі культуры ў выгнанні – Беларускай музейнай лабараторыі.
На запрашэнне Музея Вольнай Беларусі, у ім прынялі ўдзел 30 чалавек у офлайн і онлайн-фарматах. Гэта былі прадстаўнікі беларускай музейнай супольнасці, што вымушана апынуліся ў эміграцыі пасля падзей 2020 года, гісторыкі і культуролагі, а таксама актыўныя ўдзельнікі беларускіх музейных ініцыятыў у замежжы – Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны (Лондан, Вялікабрытанія), Дома Вольнай Беларусі (Львоў, Украіна), Віленскага беларускага музея імя І. Луцкевіча (Вільня, Літва), ініцыятывы Maldzis (Варшава, Польшча), Народнага музея (Варшава, Польшча), «Варшаўскага шпацыра» (Варшава, Польшча).
Падчас дыскусійнай часткі сустрэчы праблематызаваліся шматлікія пытанні:
– якім чынам можа функцыянаваць беларуская музейная ініцыятыва ва ўмовах эміграцыі;
– якую карысць можа прынесці Беларуская музейная лабараторыя для беларусаў у замежжы і для беларусаў у Беларусі;
– якім чынам прадстаўнікі эміграцыі могуць удзельнічаць у працэсе захавання беларускай-гісторыка-культурнай спадчыны.
Меркаванні па гэтых пытаннях насілі пераважна кансенсусны характар – удзельнікі згаджаліся, што наспела неабходнасць у самаактуалізацыі беларускай музейнай супольнасці замежжа, для таго, каб гэтая катэгорыя прадстаўнікоў культуры мела магчымасць застацца ў прафесіі і выступаць як суб’ект у сучасным культурным жыцці як ва ўмовах эміграцыі, так і ў кантэксце функцыянавання сучаснай беларускай культуры ў Беларусі.
Так, музейныя ініцыятывы ў эміграцыі могуць выступаць як метадычныя цэнтры для музейшчыкаў у Беларусі, прадстаўляючы ім актуальную інфармацыю пра сучасныя сусветныя тэндэнцыі ў галіне музейнай справы. Таксама гэтыя ініцыятывы пакліканыя рэпрэзентаваць беларускую культуру і гісторыю беларускага народа ў тых краінах, дзе яны рэалізуюцца. Прычым у гэтым яны будуць карысныя як для міжнароднай аўдыторыі, так і для саміх беларусаў у Беларусі, якія пазбаўленыя адэкватнага і навуковага прадстаўлення беларускай гісторыі і культуры ў дзяржаўных музейных установах.
Былі выказаныя меркаванні пра формы магчымай рэалізацыі такой ініцыятывы, як Беларуская музейная лабараторыя. Удзельнікам неабходна вызначыцца – адзначалі на пасяджэнні – што гэта будзе: закрытая экспертная суполка, адкрыты дыскусійны клуб, ці арганізацыя, якая будзе займацца адвакацыяй і прамоцыяй беларускай культуры.
Адзначаліся таксама некаторыя моцныя бакі тых музейных ініцыятыў, якія функцыянуюць на сённяшні дзень – гэта супольнасці з вялікім прафесійным узроўнем, арганізацыйныя кропкі з наяўнасцю фізічнай пляцоўкі. Актуальныя ж праблемы, агучаныя на пасяджэнні – гэта неабходнасць легалізацыі ў краінах функцыянавання, а таксама ўзаемадачыненне з беларускім нацыянальным ICOM.
Выклікала спрэчкі падчас дыскусійнай панэлі пасяджэння праблема вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцяў і, шырэй, праблема захавання спадчыны ва ўмовах сучаснага рэпрэсіўнага па сваім характары беларускага рэжыма.
Ацэнкі з боку ўдзельнікаў дыскусіі разышліся – адны з іх выказваліся ў тым рэчышчы, што ўся беларуская спадчына ў Беларусі зараз знаходзіцца пад пагрозай мэтанакіраванага знішчэння, а гісторыя нашай краіны валюнтарысцкім чынам фальсіфікуецца, пераасэнсоўваецца і перакручваецца. Іншыя ўдзельнікі размовы выказвалі ўпэўненасць, што нягледзячы на выпадкі ідэалагічнага ўмяшальніцтва з боку дзяржавы ў культурную справу, беларусы ў Беларусі прагнуць і вартыя намаганняў па захаванні, вяртанні, развіцці культурнай спадчыны беларускага народа, і эмігранцкія ініцыятывы могуць быць у гэтым карысныя дзякуючы доступу да актуальных еўрапейскіх навацый у сферы культуры, альбо, таксама, да шырокага еўрапейскага антыкварнага рынку.
Сярод выказванняў у гэтай частцы дыскусіі гучалі таксама думкі пра тое, што магчымасць адкрытага культурнага супрацоўніцтва ў галіне захавання культурнай спадчыны паміж беларусамі і беларускімі ініцыятывамі ў замежжы з аднаго боку, і прадстаўнікамі дзяржаўных музейных інстытуцыяў унутры Беларусі з другой, магло б даць унікальную магчымасць для дыялогу ва ўмовах такога палітычнага ціску, калі дыялог здаецца немагчымым.
Падчас прэзентацыйнай панэлі звярнула на сябе ўвагу ініцыятыва Дом Вольнай Беларусі ў Львове. Арганізацыя функцыянуе ў краіне, дзе за саму наяўнасць беларускага пашпарта ў свой час чалавеку мог пагражаць расстрэл на кантрольна-прапускным пункце. Менавіта музейная форма дзейнасці, у межах якой рэпрэзентуецца ўдзел беларускіх добраахвотнікаў у супраціўленні расійскай агрэсіі, дае ініцыятыве магчымасць уплываць на ўспрыняцце ўкраінскім народам беларускай праблематыкі.
Таксама на прэзентацыйнай панэлі ад прадстаўніка Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны Паўла Шаўцова прагучала інфармацыя пра вопыт рэалізацыі гэтай музейнай ініцыятывы ў Вялікабрытаніі, што карысна для навейшых падобных інстытуцыяй, паўстаўшых пасля 2020 года. Бібліятэка і музей у Лондане фарміраваўся і функцыянуе менавіта як пляцоўка для рэпрэзентацыі беларускай культуры ў замежжы, засяродзіўшы свае рэсурсы менавіта на гэтай місіі. Гэта можа быць прыкладам для іншых ініцыятыў, якія ў перспектыве могуць паўстаць у паўнавартасныя культурныя прадстаўніцтвы, забяспечваючы доступ да беларускай спадчыны і для замежнікаў, і для грамадзян Беларусі, для якіх шлях да Варшавы альбо Вільні будзе нашмат лягчэй пераадолець, чым да Лондана.
Па выніках двухдзённай стратэгічнай сесіі Беларускай музейнай лабараторыі, улдзельнікі выказалі шэраг прапаноў, у тым ліку:
– па каардынацыі і далейшым абмеркаванні гэтай ініцыятывы ў асобным камунікацыйным канале;
– па стварэнні публічных сродкаў камунікацыі з прадстаўнікамі музейнай супольнасці ў замежжы і ўнутры Беларусі;
– па неабходнасці далейшай распрацоўкі фундаментальных арганізацыйных дакументаў, якія змогуць паспрыяць аб’яднанню прадстаўнікоў музейнай супольнасці дзеля адстойвання сваіх інтарэсаў і інтарэсаў беларускага народа.
У ліку першых такіх дакументаў, як адзначылі ўдзельнікі сесіі, можа стаць Мемарандум аб супрацоўніцтве, да стварэння і абмеркавання якога прыступіла экспертная група з ліку ўдзельнікаў дыскусіі.