Дакладчыца ПАРЕ і кіраўніца сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя наведалі Музей Вольнай Беларусі

Icon
September 10, 2026
News Main Image
У Музеі Вольнай Беларусі мы мелі гонар сустрэць Агнешку Памаску, дакладчыцу Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, і Таццяну Тэрмаціч, кіраўніцу сакратарыята Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і медыя.
Для нас такі візіт — гэта не толькі гонар, але і адказнасць. Важна было паказаць музей не проста як месца, дзе захоўваюцца прадметы і гісторыі, а як прастору, якая сёння працуе з памяццю, культурай і людзьмі — і спрабуе адказваць на выклікі, перад якімі стаіць беларускае грамадства.
Падчас сустрэчы мы паказалі фільм Максіма Шведа пра Музей Вольнай Беларусі і расказалі пра нашу місію, асноўныя праекты і штодзённую працу.
Гаварылі пра тое, чаму сёння важна падтрымліваць беларускую культуру і беларусаў у эміграцыі, але адначасова не губляць сувязь з Беларуссю і людзьмі, якія застаюцца там. Пра працу з рознымі аўдыторыямі, пра нашы адукацыйныя і культурныя праекты, пра цяжкасці, з якімі сутыкаецца музей, і задачы, якія перад ім стаяць.
Мы таксама правялі экскурсію па абноўленай «Кропцы ўваходу» — і паказалі выставы «Жыццё на каробках» і «Першыя недэмакратычныя».
Асаблівым момантам стала размова пра сукенку беларускай палітзняволенай, якая захоўваецца ў музеі. Таццяна Тэрмаціч адзначыла, што шмат разоў бачыла гэтую рэч на фотаздымках, але ўбачыць яе ўжывую і мець магчымасць дакрануцца да яе — зусім іншы досвед.
І менавіта ў гэтым, напэўна, адна з галоўных пераваг музея. Фатаграфія можа расказаць гісторыю. Але рэч, якая належала канкрэтнаму чалавеку, дазваляе адчуць яе зусім інакш.
Для Музея Вольнай Беларусі важна, каб беларускую культуру і сучасную беларускую гісторыю бачылі і разумелі ў Еўропе. І мы ўдзячныя за магчымасць расказваць пра нашу працу тым, хто сёння фарміруе еўрапейскае бачанне будучыні Беларусі.

Чытаць яшчэ