Belsat: «У Варшаве 5–11 верасня пакажуць выставу пра выбары 2001 года ў Беларусі – «першыя недэмакратычныя»

Icon
September 2, 2026
News Main Image

У Варшаве 5–11 верасня пакажуць выставу пра выбары 2001 года ў Беларусі – «першыя недэмакратычныя»

02.09.2026, 19:07

Графіці кампаніі «Выбірай»

Графіці кампаніі «Выбірай». Наваполацк, Беларусь. 4 жніўня 2001 года. Фота: Архіў ГА «Дыярыуш» / Vytoki.net

«Музей вольнай Беларусі» пакажа часовую экспазіцыю пра прэзідэнцкія выбары 2001 года. На адкрыцці выступяць непасрэдныя ўдзельнікі тых падзеяў, якія перадалі музею ўласныя артэфакты. Уваход вольны.

Варшаўскі «Музей вольнай Беларусі» пры падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў ладзіць 5–11 верасня выставу «Першыя недэмакратычныя», прысвечаную прэзідэнцкім выбарам 2001 года ў Беларусі.

У цэнтры экспазіцыі, гаворыцца ў анонсе, – матэрыялы вулічнай агітацыі і асабістыя артэфакты ўдзельнікаў выбарчай кампаніі 2001 года, якія цяпер захоўваюцца ў калекцыі «Музею Вольнай Беларусі». У ліку экспанатаў плакаты, налепкі, улёткі.

На адкрыцці выставы 5 верасня ў 12:00 маюць выступіць Павел Казанецкі і Уладзімір Кобец – непасрэдныя ўдзельнікі дэмакратычнага руху і падзеяў 2001 года. Абяцаюць, што яны раскажуць пра выбарчую кампанію, вулічную агітацыю і працу дэмакратычных ініцыятываў ва ўмовах дзяржаўнага кантролю.

Выстава «Першыя недэмакратычныя» будзе адкрытая для наведвання толькі з 5 да 11 верасня 2026 года. Пасля гэтага прадстаўленыя матэрыялы будуць вернутыя ў музейную калекцыю. Уваход на выставу вольны. Адрас «Музею вольнай Беларусі» ў Варшаве – ul. Foksal 11.

У 1994 годзе Аляксандр Лукашэнкаперамог на першых і адзіных дэмакратычных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Ужо ў 1995-м выбары ў Вярхоўны Савет праходзілі з мноствам парушэнняў, а яшчэ за месяц да іх невядомыя сілавікі проста ў будынку Вярхоўнага Савету збілі дэпутатаў, якія галадавалі на знак пратэсту супраць незаконнага рэферэндуму, прызначанага на адзін дзень з парламенцкімі выбарамі.

Наступныя прэзідэнцкія выбары меліся адбыцца ў 1999 годзе, аднак Лукашэнка змяніў Канстытуцыю і такім чынам «абнуліў» свой прэзідэнцкі тэрмін. Апазіцыя ладзіла неафіцыйныя альтэрнатыўныя выбары, у якіх, паводле арганізатараў, узялі ўдзел 53 % выбарнікаў – звыш 4 млн чалавек. Ніхто з кандыдатаў тады не набраў звыш 50 % галасоў, а выбары прызналі несапраўднымі праз парушэнні ў час галасавання. Другога туру ці перавыбараў не праводзілі. Меркаваны лідар на тых выбарах Зянон Пазняк зняў сваю кандыдатуру падчас галасавання.

У 2001 годзе правялі ўжо афіцыйныя прэзідэнцкія выбары. Паводле афіцыйных вынікаў, Лукашэнка набраў на іх 75,65 % галасоў, а незалежны кандыдат Уладзімір Ганчарык – толькі 15,65 %. У час выбараў фіксавалі мноства парушэнняў. Заходнія назіральнікі (як БДІПЧ АБСЕ) не прызналі іх свабоднымі і справядлівымі, як і ўсе наступныя выбары ў Беларусі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Чытаць яшчэ