Беларускае радыё Рацыя: “Гісторыя, якая адбываецца на нашых вачах”

Icon
August 10, 2026
News Main Image

0.09.2026 09:30

Музей Вольнай Беларусі, які працуе ў Варшаве, аднавіў экспазіцыю свайго фондавага праекту «Кропка ўваходу». Такія змены ўстанова прымеркавала да Дня беларускай вайсковай славы, які адзначаўся 8 верасня.

Пра новыя экспанаты і рэакцыю першых наведнікаў – у гутарцы прадстаўніка Музея Аляксандра з нашай журналісткай Марынай Савіцкай.

РР: Якія менавіта дадаліся экспанаты?

– Мы папрасілі добраахвотнікаў, каб прынеслі знакавыя рэчы, каб папоўніць экспазіцыю, таму што фіксацыя, рэгістрацыя таго, як беларусы змагаюцца на баку Украіны – гэта наш асаблівы абавязак, абавязковая частка работы. Нам прынеслі вельмі каштоўныя экспанаты, – гэта берцы байца з пазыўным «Рэспект», які атрымаў раненне, і на берцах бачны след ад кулі. Раненне атрымаў падчас вядомага бою 22 чэрвеня 2022 году пад Лісічанскам, калі загінулі чацвёра беларускіх добраахвотнікаў. Ён быў паранены і застаўся жывым.

Яшчэ адзін каштоўны экспанат – гэта керамічная плітка альбо кафля з Бахмута, з надпісам Бахмут, які сведчыць пра вытворчасць, дзе яна была зроблена. Гэта яшчэ дарэвалюцыйная плітка. Яе нам перадаў баец з пазыўным «Кусь» Аляксандр Клачко.

Ну і напэўна адзін з самых кранальных экспанатаў, якія папоўнілі нашу калекцыю, гэта сцяг, які перадаў Уладзімір Зяленскі сям’і загінула байца з пазыўным «Роспад». Ён быў пахаваны пад Кіевам у Браварах, сцяг застаўся ў яго сям’і і быў перададзены нам. Гэты сцяг выкарыстоўваўся пры ўрачыстай цырымоніі пахавання.

На гэтай выставе мы выставілі і актуалізавалі ўсе нашыя экспанаты, якія звязаныя з байцамі палка Каліноўскага і байцамі іншых падраздзяленняў. У нас сабраліся экспанаты прыкладна ад дзесяці чалавек з розных падраздзяленняў, некаторых ужо няма з намі, як, напрыклад, Міраслаў Лазоўскі, Васіль «Атам» Рудовік, Аляксей «Рыжы» Аўдзей, таксама Марыя «Марычка» Зайцава. Астатнія хлопцы, дзякуй богу, з намі, гэта байцы з пазыўнымі «Явар», «Рэспект», «Кусь», «Дзёндзя», «Лысы», «Салам» і «Партос».

РР: Улічваючы, што гэтую выставу ўжо раней можна было ўбачыць, але ці бачылі гэтыя ваяры поўную калекцыю?

– Так, учора ўжо прыйшоў першы баец з пазыўным «Партос», каб паглядзець на гэтую выставу. Мы ў такім цэласнасным выглядзе ні разу не выстаўлялі, мы толькі часова некаторыя экспанаты дэманстравалі ў асобным памяшканні. А тут, як частка «Кропкі ўваходу», паказана практычна поўная наша калекцыя ад ваяроў, яна выстаўлена ўпершыню. Засталіся яшчэ пару барабанаў Васіля Грудовіка і таксама яго вопратка і некалькі рэчаў ад Міраслава Лазоўскага.

РР: Ці дзяліўся «Партос» уражаннямі ад выставы?

– Так. Падтрымліваў ідэю гэтай выставы. Ён чалавек суровы.

РР: Разам з тым у вас яшчэ ёсць экспанаты, якія важныя для гісторыі 2020 года.

– Безумоўна. На выставе мы абавязкова захоўваем, у якасці абавязковага экспанату, гэтую вясельную сукенку бэ-чэ-бэ нявесты Інны Зайцавай, якая выклікае ўраган эмоцый у людзей, якія ўпершыню ў нашым музеі. Гэта таксама рэчы, якія мы зусім нядаўна атрымалі – напрыклад, памада Марыі Калеснікавай, гэта падцяжкі Віктара Бабарыкі, гэта кубак і самаробная лыжка Алеся Бяляцкага, гэта рэчы яшчэ аднаго палітвязня Руслана Волкава. Таксама адзін з апошніх экспанатаў, які папоўніў нашую калекцыю, – гэта шалік з прэзідэнцкіх выбараў 2006 году, шалік быў прызначаны для падтрымкі электаральнай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча.

Выстава працуе з вольным уваходам кожны дзень, акрамя панядзелка.

Беларускае Радыё Рацыя

Чытаць яшчэ