
16 мая мы адкрываем выставу «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Гэта не проста калекцыя музычных інструментаў, а гісторыя аднаго з самых інтрыгуючых культурных парадоксаў Беларусі.
Дуда — інструмент, які амаль знік з вясковага побыту ў сярэдзіне XX стагоддзя, але здолеў вярнуцца і стаць моцным нацыянальным сімвалам.
У экспазіцыі:
— жывыя інструменты
— гукі мінулага і сучаснасці
— дударская майстэрня
— гістарычныя матэрыялы, мапы і архіўныя запісы
Выстава падрыхтаваная на трох мовах: беларускай, польскай і ангельскай.
Куратарскія экскурсіі ў 18:00 і 20:00 правядзе дудар і аўтар выставы Яўген Барышнікаў. Вы даведаецеся як музычны інструмент сялянства становіцца нацыянальным міфам, як пры дапамозе дуды ствараецца зямля і перамагаецца Змей, пры чым тут Караткевіч і Макдональдс, і як зразумець, што адраджэнне атрымалася.
Выстава адкрываецца ў межах Ночы музеяў у Варшаве , уваход вольны. Запрашаем вас на Ноч музеяў, дзе Беларусь можна не толькі пабачыць, але і пачуць.
Праект фінансуецца са сродкаў сталічнага горада Варшавы.