У Музеі Вольнай Беларусі адкрыецца выстава «Беларусь Напалеона Орды»

Icon
February 28, 2026
News Main Image

28 лютага 2026 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрыецца выстава «Беларусь Напалеона Орды», прысвечаная ўнікальнай графічнай спадчыне мастака, кампазітара і падарожніка, які пакінуў нам візуальны летапіс краіны XIX стагоддзя.

У цэнтры экспазіцыі — 19 арыгінальных літаграфій з калекцыі ініцыятывы MALDZIS. Яны ўваходзяць у больш шырокі збор з 30 прац, набытых на польскім аўкцыёне дзякуючы падтрымцы беларускіх дабрачынцаў. Астатнія літаграфіі адлюстроўваюць мясціны сучасных Літвы, Польшчы і Украіны.

Напалеон Орда зафіксаваў замкі, палацы, касцёлы і сядзібы ў Шаўрах, Лідзе, Крэве, Геранёнах, Дзевятні, Жамыслаўлі, Нясвіжы, Міры, Наваградку, Грушаўцы, Лагойску, Бялынічах, Гомелі, Камянцы ды іншых мясцінах. Многія з гэтых архітэктурных помнікаў пазней былі знішчаныя або істотна змененыя, таму сёння працы Орды з’яўляюцца не толькі мастацкімі творамі, але і важнымі гістарычнымі сведчаннямі.

Літаграфіі былі створаныя ў Варшаве ў 1870-я гады ў майстэрні Максімільяна Фаянса паводле малюнкаў Орды і з ягонымі аўтографамі. Яны ўваходзілі ў знакаміты альбом гістарычных відаў былой Рэчы Паспалітай — маштабны праект, які мастак фінансаваў уласнымі сродкамі. Усяго з 1873 да 1883 года выйшла восем серый альбома агульным накладам больш за тысячу асобнікаў, пры гэтым каля паловы арыгінальных малюнкаў сёння лічацца страчанымі.

Спадчына Напалеона Орды мае выразнае еўрапейскае вымярэнне. Ягоны лёс злучыў Беларусь з Францыяй, Польшчай, Літвой, Швейцарыяй і Італіяй. У эміграцыі ён увайшоў у кола інтэлектуальнай эліты Парыжа, музіцыраваў разам з Фрэдэрыкам Шапэнам і суправаджаў ігрой на фартэпіяна паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча. Пазней, атрымаўшы амністыю, вярнуўся на радзіму і прысвяціў значную частку жыцця дакументаванню архітэктурнай спадчыны.

Сёння гэтыя працы дазваляюць нам убачыць Беларусь такой, якой яна была — разнастайнай, еўрапейскай і культурна багатай.

Да вяртання калекцыі ў Беларусь літаграфіі будуць экспанавацца падчас адмысловых міжнародных паказаў. Варшаўская выстава становіцца важнай часткай гэтага шляху і адкрывае магчымасць для шырокай публікі дакрануцца да візуальнай памяці краіны.

Даты: 28 лютага — 8 сакавіка 2026
Месца: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Warszawa

Запрашаем на сустрэчу з гісторыяй, якая захавалася ў лініях і дэталях — і працягвае фармаваць нашае ўяўленне пра ўласную культурную спадчыну.