Прэм'ера праекта NO GRAVITY

Icon
October 12, 2025
News Main Image

Музей Вольнай Беларусі запрашае на прэм'еру праекта NO GRAVITY ад польскіх партнёраў — Fundacja Artystyczna Perform і MOV Body Lab!

NO GRAVITY – відэа-трыптых з удзелам класічных танцораў на адзін з найважнейшых твораў польскай акадэмічнай музыкі XX стагоддзя — III сімфонію Генрыка Мікалая Гурэцкага. Праект створаны з выкарыстаннем інавацыйных візуальных тэхнік пад рэжысурай Пятра Яноўчыка і прадстаўлены ў форме мультысэнсорнай выставы.

У 2025 годзе Peace Research Institute паведаміў, што ў выніку паглыблення вайсковага крызісу свет апынуўся ў стане найвышэйшай напружанасці з часоў заканчэння Другой Сусветнай вайны. У выніку пачалося масавае перамяшчэнне людзей, якія пакідалі небяспечныя рэгіёны. Паводле дадзеных Global Trends, ужо 80 мільёнаў чалавек у свеце былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Большасць з тых, хто гэта перажыў, апісваюць гэты стан як адчуванне, што "свет, з якога яны ўцяклі, больш не існуе, месца, куды яны хочуць дабрацца, няпэўнае, а самі яны — у безвагавым стане дзесьці паміж…"

Праект NO GRAVITY — гэта сімвалічная спроба апісаць гэты стан. Гэта голас творцаў, якія стаяць на баку людзей з рэгіёнаў, дзе пануе небяспека, асабліва мастакоў, што былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, каб мець магчымасць працягваць тварыць. У праекце ўдзельнічаюць стваральнікі новых медыя, кіна, відэа-мастакі і прафесійныя балетныя танцоры. І менавіта балетны скачок стаў сімвалічнай метафарай намаганняў у пошуку новага, бяспечнага месца.

Відэапраект NO GRAVITY разам з дакументальнымі сведчаннямі мастакоў, якія пакінулі сваю радзіму і знайшлі новае жыццё ў іншай краіне, мае глыбока актуальнае гучанне ў зменлівым ландшафце трэцяга дзесяцігоддзя XXI стагоддзя і безумоўна будзе цікавы беларускаму гледачу.

Рэжысура і творчая канцэпцыя: Piotr JANOWCZYK

Харэаграфія: Joanna DRABIK

Музыка: Henryk Mikołaj GÓRECKI

Аператар-пастаноўшчык: Mateusz SZELC

Прэм’ера: 30.10.2025, 19:00 (уваход на прэм'еру вольны)

Паказы для публікі: 31.10 – 12.11.2025 (у час працы музея)

Запрашаем!