Прэзентацыя рэплікі Крыжа Сафіі (Дагмар), гісторыі праекта, дакументальнага фільма і мапы беларускіх скарбаў у Еўропе.
Авантура «Піраты і піраткі каралевы Сафіі» пачыналася як смелая фантазія, а за паўтары гады ператварылася ў міжнародны праект! Аўтарка ідэі Марыя Грыц аб’яднала пошукі скарбаў, супольную працу людзей з розных краін і вяртанне ў памяць беларускай супольнасці нашай княжны Сафіі, каралевы Даніі.
Летам пірацкая экспедыцыя выправілася ў Капенгаген, наведала Нацыянальны музей Даніі, праплыла па сталіцы на чоўнах, зладзіла ўрачыстую хаду і канцэрт на Каралеўскай плошчы, а потым рушыла ў Рынгстэд — да месца пахавання каралевы Сафіі.
Галоўная матэрыяльная каштоўнасць праекта — рэпліка Крыжа Сафіі (Дагмар), арыгінал якога датуецца дванаццатым стагоддзем і захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Капенгагене.
Беларускую рэпліку стварыў грузінскі ювелір Ілля Чакветадзе, а 66 чалавек зрабілі свае ўнёскі на яе стварэнне. Цяпер крыж захоўваецца ў Музеі Вольнай Беларусі — яго перадаў першы беларускі пірацкі флот.
Гэты незвычайны прыгодніцкі праект ужо выклікаў дыскусіі сярод гісторыкаў. Прыходзьце, каб даведацца больш пра яго, пабачыць рэпліку Крыжа і сфармаваць уласнае меркаванне.