«Першыя недэмакратычныя»: міні-экспазіцыя пра выбары 2001 года
September 5, 2026

5 верасня ў 12:00 у Музеі Вольнай Беларусі адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя» і сустрэча з удзельнікамі падзей 2001 года.
Да 25-й гадавіны першых недэмакратычных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Музей Вольнай Беларусі прадстаўляе невялікую экспазіцыю, якая праз матэрыялы вулічнай агітацыі і асабістыя артэфакты распавядае пра выбарчую кампанію 2001 года і першыя спробы шырокага вулічнага супраціву ва ўмовах татальнага дзяржаўнага кантролю над СМІ.
5 верасня ў 12:00 запрашаем на адкрыццё экспазіцыі, сустрэчу з удзельнікамі тых падзей і экскурсію. У сустрэчы возьмуць удзел Павел Казанецкі і Уладзімір Кобец — прадстаўнікі дэмакратычнага руху, якія былі непасрэднымі ўдзельнікамі падзей 2001 года.
Менавіта ў гэты перыяд моладзевая ініцыятыва «Зубр» разгарнула шырокую вулічную агітацыю, нягледзячы на адсутнасць доступу да незалежных СМІ. Плакаты, налепкі і ўлёткі сталі важным інструментам камунікацыі з грамадствам.
9 верасня 2001 года ў Беларусі адбыліся другія прэзідэнцкія выбары пасля здабыцця незалежнасці. Ва ўмовах узмацнення дзяржаўнага кантролю над СМІ і выбарчым працэсам яны сталі важным выпрабаваннем для беларускага дэмакратычнага руху і далі пачатак новым формам грамадзянскай мабілізацыі – незалежнаму назіранню, моладзевым ініцыятывам і вулічнай агітацыі.
Матэрыялы з выбараў 2001 года Павел Казанецкі перадаў у Музей Вольнай Беларусі. Цяпер яны ўпершыню прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя».
Выстава будзе даступная толькі з 5 да 11 верасня. Таму калі вам цікавая гісторыя першых выбарчых кампаній у незалежнай Беларусі, развіццё дэмакратычнага руху і вулічнай агітацыі — варта паспець яе пабачыць.
Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Варшава
5–11 верасня 2026 года
Адкрыццё, сустрэча і экскурсія – 5 верасня, 12:00
Уваход вольны.
*Пры падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.