Дыскусія «Пасля мяжы: жанчыны паміж стратай і сілай» у Музеі Вольнай Беларусі

Icon
March 13, 2026
News Main Image

13 сакавіка Музей Вольнай Беларусі запрашае на адкрытую дыскусію «Пасля мяжы: жанчыны паміж стратай і сілай», прысвечаную досведу міграцыі, уразлівасці і салідарнасці беларускіх жанчын.

Гэта будзе шчырая размова пра тое, што адбываецца пасля таго, калі жанчына вымушана пакінуць радзіму. Мы абмяркуем новыя бар’еры, якія паўстаюць перад жанчынамі ў эміграцыі: юрыдычную няпэўнасць, эканамічную ўразлівасць, мацярынства ў ізаляцыі, траўмы пасля турмы, страты прафесіі і сацыяльнага статусу, моўны бар’ер, а таксама рызыкі сацыяльнай маргіналізацыі.

Адначасова гэта будзе размова пра сілу і магчымасці — пра тое, як досвед эміграцыі можа стаць крыніцай новых форм салідарнасці, пераасэнсавання ўласнай ролі, суб’ектнасці і стварэння супольнасці ў новым месцы.

Да абмеркавання далучацца прадстаўніцы польскіх жаночых арганізацый, якія падзеляцца практычнай інфармацыяй пра праграмы падтрымкі жанчын-мігрантак у Польшчы.

Мадэратарка дыскусіі — Алана Гебрэмарыям, грамадска-палітычная дзяячка, былая палітзняволеная і суарганізатарка Аб’яднання жанчын-палітзняволеных «Побач».

Прэзентацыя выставы

Перад пачаткам дыскусіі Музей Вольнай Беларусі прэзентуе сваю фондавую выставу «Кропка ўваходу: справа жанчын» — праект пра жаночы досвед супраціву, свабоду і цану, якую жанчыны плацяць за права быць суб’ектнымі ў аўтарытарнай сістэме.

На выставе прадстаўлены адзенне і асабістыя рэчы беларусак, якія выступілі супраць рэжыму, перажылі палітычны пераслед, незаконныя затрыманні, турэмныя тэрміны і іншыя формы парушэння правоў чалавека, але працягваюць сваю дзейнасць і барацьбу.

Наведвальнікі і наведвальніцы музея ўбачаць асабістыя рэчы Паліны Шарэнда-Панасюк і Марыі Калеснікавай, ваяркі Марыі Зайцавай, якая загінула ва Украіне, сукенкі-сімвалы барацьбы Інны Зайцавай і Яны Шостак, а таксама шмат іншых артэфактаў з асабістымі гісторыямі.

Мэта праекта

Мэта выдажэння — не толькі стварыць глыбокі і шматпластовы праект пра сітуацыю з правамі чалавека і правамі жанчын у Беларусі для беларускай і міжнароднай аўдыторыі, але і зрабіць яго карысным для саміх рэпрэсаваных жанчын — праз бачнасць, салідарнасць і падтрымку.

Гэта справа жанчын.
І гэта нашая справа.

Будзем радыя пабачыцца ў Музеі Вольнай Беларусі.