3 снежня BELIMA правядзе анлайн-сустрэчу пра страчаныя беларускія медыя

Icon
снежня 3, 2026
News Main Image
Музей Вольнай Беларусі хоча падтрымаць ініцыятыву BELIMA і расказаць пра гэты праект, які вельмі блізкі нам сваімі каштоўнасцямі і сэнсам. Захаванне незалежнай журналістыкі – гэта захаванне нашай агульнай памяці, сведчанняў пра Беларусь і галасоў людзей, якіх спрабуюць прымусіць маўчаць.
Сайт архіва беларускіх незалежных медыя BELIMA адкрыўся 23 лістапада 2026 года – у дзень 120-годдзя «Нашай Нівы». Праект збірае і захоўвае публікацыі незалежных беларускіх медыя – ад газет і часопісаў да матэрыялаў з сайтаў і радыё. Архіў ахопіць перыяд ад 1990-х гадоў да нашых дзён. Сярод першых медыя, якія далучыліся да праекта, – «Наша Ніва», «Еўрарадыё», Buro Media, KYKY.org і The Village Беларусь. Паўнавартасны запуск архіва запланаваны на 2027 год.
BELIMA паўстаў у адказ на знікненне беларускіх медыяархіваў. Сайты блакуюць, рэдакцыі закрываюцца або вымушана працуюць у эміграцыі, а старыя публікацыі знікаюць праз недахоп фінансавання, праблемы з хостынгам і кібератакі. Частка матэрыялаў будзе адкрытая для ўсіх, іншыя змогуць праглядаць толькі правераныя даследчыкі, выкладчыкі і журналісты. Некаторыя матэрыялы будуць захоўвацца закрыта, пакуль іх публікацыя можа пагражаць аўтарам, героям і іх блізкім.
Праект падтрымалі вядомыя беларускія пісьменнікі, журналісты і дзеячы культуры: лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч, музыка Марыя Калеснікава, журналістка Ірына Халіп, драматург і заснавальнік газеты «Имя» Мікалай Халезін, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, а таксама Беларускі ПЭН.
«Беларускія незалежныя медыя і іх гісторыя – гэта і ёсць жывы архіў незалежнай Беларусі. Наша калектыўная памяць і сведчанне», – кажа Святлана Алексіевіч.
3 снежня а 18:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу каманда BELIMA правядзе анлайн-сустрэчу «Напамяць / By Heart. Страчаныя беларускія медыяартэфакты, адноўленыя з памяці». Беларускія пісьменнікі, рэдактары і дзеячы культуры раскажуць пра публікацыі, вокладкі, сайты і выданні, якія паўплывалі на іх асабістыя гісторыі і гісторыю Беларусі, але сёння ўжо недаступныя.
Імёны гасцей сустрэчы арганізатары абвесцяць асобна. Напрыканцы каманда раскажа, як працуе архіў і як паведаміць пра матэрыялы, якія варта захаваць. Сустрэча пройдзе анлайн, будзе доўжыцца каля 90 хвілін і будзе на беларускай і рускай мовах. Удзел бясплатны, патрэбная рэгістрацыя на belima.media.