BELSAT: «Весяліла мяне на чужой старане». У Варшаве ў Ноч музеяў адкрылася выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал»

Icon
June 1, 2026
News Main Image

Рэпартаж

«Весяліла мяне на чужой старане». У Варшаве ў Ноч музеяў адкрылася выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал»

17.05.2026, 16:03

Экспанаты выставы «Дуды: музыка мінулага і сучаснасці». Варшава, Польшча. 13 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Экспанаты выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Ноч музеяў у Варшаве беларусы правялі пад дуду ў Музеі вольнай Беларусі, дзе 16 траўня адкрылася вялікая выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». «Белсат» наведаў выставу. Мы спрабавалі дудзець і ўзялі ўдзел у куратарскай экскурсіі сапраўднага дудара і аўтара праекту Яўгена Барышнікава. Завітала на Ноч музеяў і лідарка дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская.

Некалькі дзясяткаў жывых дудаў у экспазіцыі, інтэрактыўная зона, дзе можна было дудзець на ўсё горла (мы гэта зрабілі першы раз у жыцці), бесперапынныя куратарскія экскурсіі (захапляльныя!) дудара і аўтара праекту Яўгена Барышнікава, плюс – дударская дыскатэка пасля апоўначы.

Трэба мець дуду ў сэрцы, галаве ці, магчыма, у якім іншым месцы, каб прайсці праз усё гэта. І прачнуцца дударом…

«Гэта вельмі важна для нас сённяшніх»

Але чаму – дуды? І ў чым актуальнасць падзеі? На пытанне даходліва адказвае гісторык і этнограф, былы прафесар кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржуніверсітэту (звольнены ў 2021-м, адседзеў 30 содняў у ІЧУ) Уладзімір Лобач:

,,

«Ва ўспамінах вядомы латышскі паэт Ян Райніс з захапленнем згадвае, як слухаў на беразе Даўгавы-Дзвіны гранне беларускіх дудароў і іхныя спевы. І там ёсць вельмі знакавая для нас прыпеўка, якая разышлася вельмі шырока: "І дудка мая, весялуха мая, весяліла мяне на чужой старане". То бок гэта вельмі важна для нас сённяшніх, якія апынуліся "на чужой старане". І дуда – гэта заўсёды пазітыў і добры аптымістычны настрой».

Чаму Ян Райніс захапляўся граннем беларускіх дудароў з таго берагу Дзвіны, а не слухаў латышскіх дудароў? Бо не было дудароў у Латвіі. Пра гэта будзе апавядаць падчас куратарскіх экскурсіяў па выставе Яўген Барышнікаў.

«Чаму не было дудароў у Латвіі? Бо там з XVI стагоддзя панаваў пратэстантызм, які не надаваў увагі народнай культуры і музыцы. Што датычыць дуды, там выпаленая зямля. У Латвіі ёсць адзіны маленькі рэгіён, які застаўся каталіцкім сярод пратэстанцкага атачэння, і там ёсць свае мясцовыя дуды», – расказвае Яўген Барышнікаў падчас экскурсіі, удзел у якой бярэ беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская падчас наведвання выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» у Музеі вольнай Беларусі, Варшава, Польшча, 16 траўня 2026 года. Фота: Светлана Тихановская/Telegram
Святлана Ціханоўская падчас наведвання выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» у Музеі вольнай Беларусі, Варшава, Польшча, 16 траўня 2026 года. Фота: Светлана Тихановская/Telegram

«Нашыя дуды існуюць у еўрапейскім кантэксце»

Але трэба ведаць, што беларуская дуда – не ўнікальная. Паводле Барышнікава, існуе агулам больш за сотню разнавіднасцяў дудаў і яе назваў. Але дуда з бурдонам («трубка, якая выдае адзін тон, у нас бурдон называлі гукам) – «гэта выключна еўрапейская гісторыя», бо на Блізкім Усходзе, адкуль дуды, хутчэй за ўсё, прыйшлі ў Еўропу, гэтыя інструменты не маюць бурдонаў.

Першая вядомая выява дудаў з бурдонам паходзіць з сярэдзіны XIII стагоддзя (Іспанія). Выявы польскіх дудаў, якія называліся польскімі казламі (Polnischer Bock), бо ў якасці меху майстры выкарыстоўвалі цэльны казіны бурдзюк, вядомыя з канца XVI стагоддзя. Ну і, як любыя козы і казлы, гэтыя дуды мелі рогі.

,,

«Сучасныя даследаванні кажуць пра тое, што дуды Беларусі і Літвы адносяцца да гэтага самага сямейства дудаў. У нас таксама ёсць гэтыя рогі. І што характэрна, гэтыя дуды маюць вельмі спецыфічную аплікатуру, то бок размяшчэнне нотаў на жалейцы. Не буду ўваходзіць у дэталі. Але, такім чынам, нашыя дуды існуюць вось у гэтым кантэксце еўрапейскім і арганічна ўпісаныя ў яго», – працягвае Яўген Барышнікаў.

Картаграфаванне гістарычных і этнаграфічных звестак паказвае, што арэал бытавання дудаў ахоплівае поўнач Беларусі, усходнюю Віленшчыну, поўдзень Латгаліі і Пскоўшчыны, захад Смаленшчыны і дакладна супадае з басейнам ракі Дзвіна.

«Дзе ёсць дуда, там ёсць беларусы»

«У нас дуды вядомыя толькі на Падзвінні», – сцвярджае Яўген Барышнікаў, апавядаючы, што, хутчэй за ўсё, асноўную ролю ў пашырэнні распаўсюду інструмента адыгралі тут плытагоны, якія сплаўлялі па Дзвіне лес у Рыгу.

Троху пазней Уладзімір Лобач нам патлумачыць этнаграфічнае значэнне арэалу распаўсюду дуды.

«Пра гэта, вядома, трэба чытаць лекцыі, але я скажу прасцей: арэал распаўсюджання дуды вельмі дакладна акрэслівае нашую паўночна-ўсходнюю этнічную мяжу. Дзе ёсць дуда, там ёсць беларусы, дзе няма дуды, там пачынаюцца расейцы. Абсалютна дакладна. У расейцаў дуды як трывалай культурнай з’явы проста няма. І дуда акурат – гэта тое, што нас лучыла з еўрапейскаю культураю. Гэта важны, мне здаецца, момант», – кажа Уладзімір Лобач.

Этнограф Уладзімір Лобач прамаўляе падчас адкрыцця выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Этнограф Уладзімір Лобач прамаўляе падчас адкрыцця выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Аповед Яўгена Барышнікава пра гісторыю дуды працягваецца амаль гадзіну. І гэта не нейкае там нуднае дудненне, а заўзяты гімн беларускім дудам. Ад рамантызацыі і міфалагізацыі ў XIX ст. (Дунін-Марцінкевіч, Ян Баршчэўскі і г.д.) і стварэння вобразу дудара як будзіцеля народу ў пачатку XX ст. (Колас, Купала, Ластоўскі) – да заняпаду традыцыі пасля 1950-х і яе адраджэння, велізарную ролю ў якім адыграў Уладзімір Караткевіч. І аж да палітычных шэсцяў 2020-х, якія ўзначальвалі дудары (і ў Менску 2020 года, і ў Варшаве 2026-га, напрыклад). Дуды сталіся сімвалам змагання.

Яўген Барышнікаў называе вяртанне дуды ў беларускую культурную і палітычную прастору «класічным кейсам паспяховага адраджэння».

«Усе вы ведаеце гісторыю гурта Irdorath. Людзі з дудамі ў 2020 годзе на пратэстах, якія былі арыштаваныя, адседзелі і ўжо на свабодзе. Але для мяне гэта быў працяг той самай гісторыі. Што адбылося? Дуды нарадзілі рамантычны міф пра дудара-будзіцеля, а самі – вымерлі. Міф застаўся, у тым ліку дзякуючы Караткевічу, які яго працягнуў. А нашае ж пакаленне вырасла на Караткевічу. Фактычна міф прывёў да вяртання інструмента, да яго адраджэння. Далей гэты міф пайшоў і ў палітычную сферу…» – так выглядае эвалюцыя дуды паводле дудара і даследніка Яўгена Барышнікава.

Фалькларыст і дудар Яўген Барышнікаў прамаўляе падчас адкрыцця выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Фалькларыст і дудар Яўген Барышнікаў прамаўляе падчас адкрыцця выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Па абодва бакі палітычнай барыкады»

Усе прэзентаваныя на выставе дуды вырабленыя, паводле Барышнікава, у 2000–2010 гадах і належаць да розных майстроў (беларусаў і палякаў), асобы якіх у мэтах бяспекі не раскрываюцца. Дарэчы, у адкрыцці выставы браў удзел польскі дудар, скрыпач і этнолаг Рафал Місьта (Rafał Miśta), па слядах якога мы спрабавалі ў інтэрактыўнай зоне праекту дастаць «самыя гідкія гукі, якія могуць выдаваць дуды» (цытуем Барышнікава) з вучэбнага інструмента без бурдона і рагоў.

І яшчэ адно. Яўген Барышнікаў акцэнтуе ўвагу на тым, што ў той самы час, калі беларускія дудары ідуць на Дзень Волі ў галаве калоны ў Варшаве, у Менску на Усебеларускім народным сходзе зводны ансамбль дудароў з універсітэту культуры выконвае… «Любимую не отдают».

,,

«Здавалася б – жах! Але калі аддыхацца, для дудаў добра, што яны прысутнічаюць сёння па абодва бакі палітычнай барыкады. Незалежна ад таго, якая партыя прайграе, з дудамі ўсё будзе ў парадку. Пры гэтым дуда – гэта вобраз, які абʼядноўвае, і абʼядноўвае яшчэ з тых часоў, калі пра дуды з захапленнем пісала і Наталля Арсеннева, і камуніст Пімен Панчанка. Для ўсіх дуда – гэта сімвал. Нават сёння для іх дуда – сімвал», – падсумоўвае Яўген Барышнікаў.

На выставе таксама можна было прагаласаваць за ці супраць залучэння беларускай дуды ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, заяўку на якое падало ў 2024 годзе Міністэрства культуры Беларусі. Абарона дасье запланаваная на 2027-ы. Працэдура патрабуе «шырокага грамадскага абмеркавання» і ўказання, хто ёсць носьбітам традыцыі. Паводле Яўгена Барышнікава, у Беларусі «адбываецца прафанацыя», бо там носьбітамі дударскай культуры прызначылі працаўнікоў рэгіянальных дамоў культуры, якія ніколі не бралі ў рукі гэтага інструмента.

,,

«Узнікае этычнае пытанне. Ці маюць права ўлады Беларусі, якія адной рукой саджаюць дудароў у турмы за гранне на дудах, а другой рукой нясуць гэтую дуду ў UNESCO, казаць, што гэта іх каштоўнасць?..

Пагатоў шырокая грамадская дыскусія ў гэтай сітуацыі цалкам немагчымая. З другога боку, ніхто з дудароў, незалежна ад таго, на якім ён баку барыкады, не супраць таго, каб нашыя дуды трапілі ў спіс UNESCO. Яны там мусяць быць! Пытанне – ці своечасова рабіць гэта цяпер», – тлумачыць Барышнікаў.

Экспанаты выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Экспанаты выставы «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал». Варшава, Польшча. 16 траўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Святлана Ціханоўская: Дудар-будзіцель прачнуўся ў кожным беларусе пасля 2020 года

Не ведаем, як прагаласавала Святлана Ціханоўская, але пасля экскурсіі па выставе яна прызналася «Белсату», што вобраз дуды як будзіцеля народу яе па-сапраўднаму натхняе:

«Я думаю, што нешта дударскае ёсць у кожным беларусу пасля 2020 года. Дудар-будзіцель прачнуўся ў кожным. І я вельмі ўдзячная тым дударам-будзіцелям, якія не спалі ўсе гэтыя гады да 2020-га, якія спрабавалі абудзіць народ».

На ейную думку, дуда як сімвал яднання магла б сапраўды паспрыяць кансалідацыі нацыі.

«Будзем дудзець?» – пытаемся ў беларускай дэмакратычнай лідаркі.

,,

«Будзем дудзець, вядома. Але я вельмі спадзяюся, што нашыя гукі дуды пачуюць і тыя, хто цяпер на баку зла, і прыйдуць у будучыні да сапраўдных дудароў-будзіцеляў», – адказвае Святлана Ціханоўская.

Выстава «Дуды: інструмент, гісторыя, сімвал» будзе працаваць да 4 чэрвеня, але, на жаль, ужо без фантастычных куратарскіх экскурсіяў Яўгена Барышнікава. Праект фінансуецца з бюджэту Варшавы ў межах акцыі «Ноч музеяў», якая ладзіцца ў польскай сталіцы 16 і 17 траўня. Паводле працаўніцы Музею вольнай Беларусі Вольгі Каралёнак, праект музею трапіў у праграму варшаўскай Ночы музеяў упершыню. Адзначым, што ў акцыі бяруць удзел 330 музейных установаў. Ноч музеяў ладзіцца ў Варшаве з 2004 года.

Зміцер Міраш belsat.eu