Выстава «Tożsamość» Лявона Тарасевіча на Warsaw Gallery Weekend

Icon
September 19, 2025
News Main Image

Warsaw Gallery Weekend — штогадовы агляд сучаснага мастацтва, арганізаваны вядучымі галерэямі, інстытутамі культуры, фондамі і мастацкімі калектывамі. У 2025 годзе WGW адбудзецца ўжо ў 15-ы раз і аб’яднае 53 галерэі і 50 выстаў.

У межах секцыі WGW+ будзе прадстаўлена выстава «Tożsamość» («Identity» / «Ідэнтычнасць») вядомага польскага мастака беларускага паходжання Лявона Тарасевіча (Leon Tarasewicz).

Адна з прац мастака натхнёная аптычнай з’явай, вядомай як «пояс Аляксандра» — цёмная паласа неба паміж дугамі падвойнай вясёлкі. Гэтая праца спалучае ўвагу аўтара да прыродных з’яў з яго цікавасцю да культурнай спадчыны розных рэгіёнаў і іх гісторыі.

Іншая карціна паказвае дарогу, што губляецца ў тумане сярод дрэў без лістоты — від, які часта суправаджае мастака падчас світанкавых прагулак. Яе можна ўспрымаць як метафару шляху ў невядомасць. Па форме гэтая праца адсылае да ранніх кампазіцый Тарасевіча 1980-х гадоў, пабудаваных на рытмічных, спрошчаных формах і абмежаванай палітры фарбаў.

Лявон Тарасевіч нарадзіўся 14 сакавіка 1957 года ў вёсцы Вавілы Беластоцкага павету Падляскага ваяводства. Скончыў факультэт жывапісу Варшаўскай акадэміі мастацтваў, дзе з 1996 года кіраваў жывапіснай майстэрняй, а ў 2009–2022 гадах узначальваў Майстэрню жывапіснай прасторы на факультэце мастацтваў медыя. У 2001 годзе прадстаўляў Польшчу на 49-м Міжнародным біенале ў Венецыі. Узнагароджаны Срэбраным медалём «Gloria Artis», Крыжам кавалера Ордэна Адраджэння Польшчы, лаўрэат прэміі «Пашпарт Polityki» і Вялікай прэміі Фонду культуры, а таксама Прэміі імя праф. Гейштара.

Арганізацыйную падтрымку выставе аказала галерэя Monopol, асобная падзяка — Zuzanna Sokalska.

Выстава «Tożsamość» будзе адкрыта з 19 верасня па 19 кастрычніка 2025 года.