
*Праект быў суфінансаваны мэрыяй Варшавы і рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве і дабрачыннага фонду „Trzy Trąby”.
У ліпені ў Варшаве адбылася Крэатыўная прэзентацыя Музея Вольнай Беларусі — адметная культурная падзея, прысвечаная трохгоддзю музея. Мерапрыемства аб’яднала беларускіх і польскіх творцаў, адкрыўшы новую прастору для мастацкага дыялогу і супрацоўніцтва.
У межах праекта прайшла выстава новых экспанатаў музея, у тым ліку перададзеных польскімі партнёрамі, а таксама канцэрт беларускіх і польскіх артыстаў, які стаў сімвалам адзінства і ўзаемнага павагі паміж культурамі.
Праект стаў лагічным працягам ініцыятыў, распачатых у 2024 годзе ў межах даследчага праекта «Музей Вольнай Беларусі ў культурнай палітры сталіцы Польшчы». Ён садзейнічаў далейшай інтэграцыі беларускай культурнай супольнасці ў жыццё Варшавы і пашырыў магчымасці для супрацоўніцтва з польскімі культурнымі інстытутамі.






Выстава прадставіла фрагменты фонду Музея Вольнай Беларусі, якія трапілі да нас з розных куткоў свету — з Мінска, Варшавы, Бахмута і іншых гарадоў.
На экспазіцыі можна было пабачыць паліто, сцяг, кулю, разбіты тэлефон, ліст з малюнкам — прадметы, што маюць глыбокі сімвалічны сэнс. Гэта не проста рэчы, а сведкі беларускай рэчаіснасці, частка нашай калектыўнай памяці і агульнай гісторыі.
Кожны экспанат нёс у сабе асабісты след чалавечага лёсу — не героя з помніка, а жывога чалавека, які жыў, баяўся, кахаў, выходзіў на плошчу, трапляў у турму, пакідаў дом, маляваў у камеры.
Гэтыя гісторыі беларусаў і беларусак гучалі як прызнанне і напамін пра тое, якім складаным, але годным можа быць шлях да волі. Выстава стала прасторай разваг, памяці і суперажывання — пра нас і для нас.
-min.jpg)
-min.jpg)
-min.jpg)

18 ліпеня ў Варшаве адбыўся канцэрт, які прадставіў сучасную беларускую музыку ў яе разнастайным і жывым гучанні.
Падчас выступу Zui зачаравала публіку спалучэннем інды-попу і электронікі з моцнай эмацыйнай выразнасцю, а гурт Kriwi стварыў непаўторную атмасферу, аб’яднаўшы аўтэнтычныя народныя інструменты з сучаснымі электроннымі рытмамі і візуальнымі эфектамі.
Гледачы пачулі беларускую музыку ва ўсіх яе фарматах — ад фолк-эксперыментаў да інды-рытмаў. Уладзімір Пугач выступіў з акустычнай праграмай — шчырай, эмацыйнай і прасякнутай рытмам сённяшняга дня.
Канцэрт стаў яскравым фінальным акордам крэатыўнай прэзентацыі Музея Вольнай Беларусі і аб’яднаў людзей, для якіх беларуская музыка — гэта голас свабоды і самавыяўлення.
Грамадская значнасць праекта заключаецца ў тым, што ён узбагаціў шматкультурную мапу Варшавы і дапамог яе жыхарам і гасцям убачыць новыя, шырэйшыя перспектывы ўзаемадзеяння з беларусамі. Праект падкрэсліў культурную разнастайнасць і талерантнасць мясцовага культурнага асяроддзя, спрыяў пашырэнню ведаў пра розныя культуры і дыялогу паміж супольнасцямі, а таксама павысіў інфармаванасць пра культурны патэнцыял Музея Вольнай Беларусі. Гэта прывяло да павелічэння колькасці мясцовых наведнікаў музейных мерапрыемстваў і экскурсій
«Fragmenty» — выстава, прымеркаваная да трохгоддзя Музея Вольнай Беларусі
Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве адзначае тры гады з часу заснавання
Канцэрт: Музею Вольнай Беларусі 3 гады — выступяць Kriwi, Пугач, Zui