Вероніка Вжосэк здзіўляе выставай пра беларускія траўмы

Icon
November 19, 2024
News Main Image

Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве запрашае на выставу польскай мастачкі Веронікі Вжосэк, якая атрымала назву «Рэтраўматызацыі». Праект створаны ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «Белсат».

Адкуль узяўся назоў «Рэтраўматызацыі»? Мы, палякі, жывём з вялікім гістарычным пачуццём няўдачы, бо геапалітычна цэнтр Еўропы ніколі не быў ідэальным месцам для жыцця. Калі ў 2020 годзе польскія медыі актыўна асвятлялі падзеі пасля выбараў у Беларусі, я пачала больш цікавіцца гісторыяй гэтай краіны і зразумела, што Беларусь мае не менш прычын для траўмы, чым Польшча — а можа, нават і больш, бо свет лёгка забывае пра яе. І галоўнае — гісторыя ў гэтым рэгіёне занадта часта паўтараецца. Адсюль і назва — «рэтраўматызацыі», гэта значыць траўмы, перажытыя наноў,

— распавядае аўтарка Вероніка Вжосэк.

Выстава складаецца з міждысцыплінарных прац, якія аб’ядноўваюць графіку, інсталяцыю, скульптуру, тэкстыль і жывапіс. Экспазіцыя падзелена на дзве часткі: першая прысвечана агульнай гісторыі, другая — сучаснасці Беларусі, асабліва пасля 2020 года. У сваіх працах мастачка спасылаецца на матывы барочных інсталяцый «castrum doloris», сармацкага труннага партрэта, паўстанцкіх упрыгожванняў 1863 года, а таксама натхняецца творчасцю Збылута Гжывоча, Ежы «Юры» Зеліньскага і Пабла Пікаса.

Вероніка Вжосэк (нар. у 1994 г.) — выпускніца Акадэміі мастацтваў імя Уладзіслава Стржэміньскага ў Лодзі (факультэты графікі, жывапісу і візуальных мастацтваў), а таксама факультэта тэхналогіі матэрыялаў і дызайну тэкстылю Лодзінскай палітэхнікі. Яе працы экспанаваліся на дзясятках выстаў у Польшчы і за мяжой. Акрамя таго, яна аўтарка шматлікіх публікацый у галіне мастацтва і дызайну.

Выставу можна будзе наведаць з 21 лістапада 2024 года у будынку Музея Вольнай Беларусі (вул. Фоксаль, 11, Варшава). Адкрыццё адбудзецца а 19:00, уваход — вольны.

Медыйны партнёр выставы — тэлеканал «Белсат».

Арыгiнал артыкула: onpress.pl

Таксама пра гэта пісалі: wlocie.pl, zyciestolicy.com.pl

Czytaj więcej