Belsat: „Słowa przeciw przemocy”. Aleś Bialacki i Kaciaryna Andrejewa o sile literatury, pamięci i solidarności

Icon
July 14, 2026
News Main Image

«Слова супраць гвалту». Алесь Бяляцкі і Кацярына Андрэева – пра сілу літаратуры, памяць і салідарнасць

14.07.2026, 16:14

img
Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева і праваабаронца Алесь Бяляцкі падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

У Музеі вольнай Беларусі 13 ліпеня адбылася дыскусія «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі», удзел у якой узялі нобэлеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, былая палітзняволеная і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева і старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай. «Што сёння важна для беларускай культуры і як яе падтрымаць?» – гэта ключавое пытанне, якое агучыла мадэратарка сустрэчы, польска-бельгійская пісьменніца і філасафіня Аліцыя Гэнсьціньска (Alicja Gęścińska). «Белсат» дзеліцца важнымі момантамі дыскусіі.

«Беларуская літаратура XX стагоддзя – гэта нармальная еўрапейская літаратура, якая мела свае вялікія крызісы, свае ўзлёты і падзенні. І гэтыя крызісы звязаныя ў першую чаргу з рэпрэсіямі супраць яе. Сто гадоў таму, у 1930-я гады, практычна ўсе беларускія пісьменнікі былі знішчаныя, а хто не быў забіты – сядзеў у турме. Але тое пакаленне, якое было перад намі, у 1970–80-я гады мінулага стагоддзя, здолела ўзняць беларускую літаратуру на еўрапейскі ўзровень», – казаў на сустрэчы праваабаронца і лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Праваабаронца Алесь Бяляцкі падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Бяляцкі: Неўзабаве ў нас будзе наступная Нобэлеўская прэмія

Па словах Бяляцкага, беларуская літаратура, як і літаратуры многіх невялікіх еўрапейскіх краінаў, доўгі час спрабавала развязаць праблему выйсця на міжнародны ўзровень. І цяпер, калі шмат беларускіх літаратараў вымушаныя былі пакінуць краіну, «зʼявіўся добры шанец паказаць сябе на еўрапейскім узроўні». Гэта ўжо робяць беларускія творцы Наста Кудасава, Андрэй Хадановіч, Альгерд Бахарэвіч і шмат іншых пісьменнікаў.

«Мы жывём на гістарычным пераломе. У нас трагедыя адбываецца. Мы сведкі, мы ўдзельнікі гэтай трагедыі. І для творцы гэта, як ні парадаксальна гучыць, – найлепшая сітуацыя. Пра што зараз можна пісаць у Бельгіі? Я не ведаю. У Беларусі – ёсць пра што пісаць. І я думаю, што неўзабаве ў нас будзе наступная Нобэлеўская прэмія», – сцвердзіў Алесь Бяляцкі, з усмешкай зазначыўшы, што «пра Бельгію» («Пра што пісаць у Бельгіі?») – быў жарт.

У той жа час нобэлеўскі лаўрэат прызнаўся, што яму цяжка сабе ўявіць, як увогуле працуюць зараз беларускія пісьменнікі ў Беларусі.

«У асноўным усё ідзе ў шуфлядку, хутчэй за ўсё. Бо, безумоўна, працуюць гэтыя ўнутраныя цэнзары, якія заўсёды табе кажуць, што ты можаш апынуцца там, дзе зараз сядзіць Зміцер Колас», – зазначыў Алесь Бяляцкі падчас дыскусіі.

Кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Нядбай: Адбываецца суцэльная крыміналізацыя культуры

Паводле даўняй традыцыі міжнароднай арганізацыі PEN адно з крэслаў, прызначаных для спікераў дыскусіі, пуставала. На ім быў змешчаны партрэт выбітнага беларускага перакладчыка і кнігавыдаўца Змітра Коласа, які ў лютым 2026 года быў затрыманы ў Беларусі і знаходзіцца цяпер у следчым ізалятары.

Пустое крэсла для Коласа – праява салідарнасці і падтрымання з боку пісьменніцкай арганізацыі.

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай, адказваючы на пытанне пра сітуацыю, у якой апынулася беларуская культура, гаварыла пра «тэрор супраць інтэлектуальных і творчых колаў і культуры ўвогуле» і пра «дзяржаўную палітыку этнацыду». Кіраўніца пісьменніцкай арганізацыі нагадала, што сярод 860 чалавек, прызнаных на 13 ліпеня палітычнымі зняволенымі,123 – гэта дзеячы культуры, а 25 з іх – людзі слова, гэта значыць пісьменнікі, перакладчыкі, публіцысты.

,,

«Я назвала лічбы, але за гэтымі лічбамі крыюцца небяспечныя зʼявы. Гэта суцэльная крыміналізацыя культуры і незалежнага выдавецкага рынку. У Беларусі больш няма незалежных выдавецтваў, якія маглі б выдаваць сучасную беларускую літаратуру. Беларускі ПЭН таксама быў абвешчаны, разам з найстарэйшымі беларускімі выдавецтвамі, экстрэмісцкай арганізацыяй», – расказвала Таццяна Нядбай.

Андрэева: Ёсць недзе наш новы Васіль Быкаў сярод усіх сцішаных за гэты час

Былая палітзняволеная і журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева прызнаецца падчас дыскусіі, што ёй асабіста «баліць гэтае пустое крэсла».

«Бо проста цяпер мой муж, мой калега і суаўтар кнігі „Беларускі Данбас“, журналіст Ігар Ільяшзнаходзіцца ў зняволенні, асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі за нібыта дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Так атрымалася, што незадоўга да майго вызвалення мяне перавезлі ў турму КДБ. 17 лютага я знаходзілася там у жаночай камеры і чула, як адчыняюцца дзверы суседніх мужчынскіх камер, куды заводзілі кнігавыдаўцоў. Іх заводзілі ў розныя камеры. І цяпер я канчаткова ўпэўнілася, супаставіўшы даты, што мы чулі, як па розных камерах разводзілі кнігавыдаўцоў, у тым ліку Змітра Коласа...» – дзялілася сваім болем і сваімі ўспамінамі Кацярына Андрэева.

«І вашае падтрыманне свабоднага слова можа зрабіць, каб такіх пустых крэслаў больш не заставалася», – дадае былая палітзняволеная.

Кацярына Андрэева зазначыла ў сваёй прамове, што беларуская літаратура – «гэта заўжды слова насуперак», слова, якое «прабіваецца праз перашкоды». Самыя значныя і эпахальныя рэчы ствараліся ў Беларусі насуперак дзяржаўнай прапагандзе і фізічнаму знішчэнню. Сваю кнігу «Беларускі Данбас», якую напісала разам з мужам, журналістка стварала, «адчуваючы моцную сувязь з гэтай спадчынай».

Журналістка «Белсату» і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Журналістка «Белсату» і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Немагчыма будзе працягваць далей, калі нашае пакаленне не асэнсуе гэты досвед праз мастацкую літаратуру, праз новыя творы, – казала Кацярына Андрэева. – Я ўпэўненая, што ёсць недзе наш новы Васіль Быкаў сярод усіх прыгнечаных і ўсіх сцішаных за гэтыя гады. І я гляджу аптымістычна на гэта, бо нам ёсць што сказаць. І сказаць не толькі для маленькай аўдыторыі, але сказаць на цэлы свет. І нашае слова насуперак – яшчэ прагучыць».

«Кацярына, а як вы ўвогуле бачыце будучыню Беларусі?» – пытаецца ў журналісткі Аліцыя Гэнсьціньска.

«Тут цікавы парадокс. Бо наколькі я аптымістычная ў сэнсе будучыні беларускай літаратуры і мастацтва, якое нараджаецца проста цяпер на нашых вачах з трагедыі, то маю вялікі страх за будучыню Беларусі ў палітычным сэнсе, за яе месца ў рэгіёне. Ёсць вялікі страх за існаванне Беларусі, за тое, ці ўдасца яе захаваць як такую. Вось гэта выклікае ў мяне не вельмі аптымістычныя думкі... Але гэты страх, зноў жа, нараджае такі механізм, які прымушае мяне думаць: а што я магу зрабіць проста тут і цяпер для таго, каб захаваць Беларусь?..» – адказвае Кацярына Андрэева.

Мадэратарка Аліцыя Гэнсьціньска падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Мадэратарка Аліцыя Гэнсьціньска падчас панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Будзем шукаць саюзнікаў, будзем актыўна працаваць супраць вайны»

Кажучы пра дзеянні «тут і цяпер», Алесь Бяляцкі адзначае, што ягонае жыццё будзе праходзіць зараз «паміж Вільняй, Варшавай і Осла», бо пляцоўка створанага нядаўна міжнароднага праваабарончага фонду Алеся Бяляцкага знаходзіцца ў Варшаве, але сам Бяляцкі будзе жыць у Нарвегіі, дзе атрымаў палітычны прытулак. Чым будзе займацца фонд?

«Сёння ўвесь час здараюцца падзеі, якія патрабуюць большай актыўнасці ад праваабаронцаў. Гэтыя падзеі паказваюць, што ідзе фактычна глабальны крызіс з правамі чалавека. Ён адбываецца не толькі ў нашым рэгіёне, але практычна ва ўсім свеце. І гэта выклік. Гэта выклік праваабаронцам, гэта выклік мне як праваабаронцу. І зразумела, што ў гэтай сітуацыі трэба шукаць – і я працягваю шукаць! – інструменты ўплыву на сітуацыю», – кажа Алесь Бяляцкі.

«Пытанні міратворчасці, пытанні актывізацыі дэмакратычных сілаў грамадства ва ўсім свеце зараз выходзяць на першае месца, і мы будзем шукаць саюзнікаў, будзем актыўна працаваць супраць вайны, супраць парушэнняў міжнароднай сістэмы захавання правоў чалавека і гаварыць пра тое, што тыя праваабарончыя каштоўнасці, якія былі выбудаваныя ў апошнія дзесяцігоддзі, – гэта не ўчорашні дзень», – сцвердзіў Бяляцкі.

Удзельнікі панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» аглядаюць экспазіцыю ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Удзельнікі панэльнай дыскусіі «Слова супраць гвалту. Культура і правы чалавека ў Беларусі» аглядаюць экспазіцыю ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 13 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Я спадзяюся, што тыя паўнамоцтвы, якія дае мне Нобэлеўская прэмія, я буду выкарыстоўваць на карысць і Беларусі, і ўсёй Усходняй Еўропы, і ўсёй Еўропы, і ўсяго свету. Фундацыя будзе дапамагаць гэтаму», – падагульняе нобэлеўскі лаўрэат.

Удзельнікі дыскусіі «Слова супраць гвалту» таксама пазнаёміліся ў гэты дзень з адноўленай фондавай выставай «Кропка ўваходу», якая працуе ў Музеі вольнай Беларусі з 9 ліпеня. У экспазіцыі ўпершыню прадстаўленыя асабістыя рэчы былых палітвязняў Віктара Бабарыкі, Максіма Знака, Генрыха Акалатовіча, а таксама партрэт, які напісаў у зняволенні мастак Алесь Пушкін.

Дыскусія з удзелам Алеся Бяляцкага, Кацярыны Андрэевай і Таццяны Нядбай была арганізаваная Генеральным прадстаўніцтвам Фландрыі ў партнёрстве з Беларускім ПЭН-ам, арганізацыяй PEN Flanders і Музеем вольнай Беларусі.

Зміцер Міраш belsat.eu