Беларусь вачыма полькі. Выстава ў Музеі вольнай Беларусі

Icon
November 18, 2024
News Main Image

Музей Вольнай Беларусі запрашае на выставу працаў польскай мастачкі Вэранікі Вжосэк «Рэтраўматызацыя». Праект створаны супольна з тэлеканалам «Белсат».

«Адкуль узялася назва „Рэтраўматызацыя“? Мы, палякі, жывём з велізарным гістарычным адчуваннем нешанцавання, бо цэнтр Еўропы з геапалітычных прычынаў ніколі не быў месцам жыцця мары. У 2020 годзе, калі польскія медыі бесперапынна паведамлялі пра падзеі пасля выбараў у Беларусі, я пачала больш цікавіцца гісторыяй гэтай краіны і зразумела, што ў Беларусі столькі ж прычынаў для траўмаў, колькі і ў Польшчы, і нават больш, бо свет лёгка забывае пра яе. І самае галоўнае, у гэтай частцы свету гісторыя занадта часта паўтараецца. Адсюль і „рэтраўматызацыя“ – траўмы, перажываныя зноў і зноў», – кажа аўтарка працаў Вэраніка Вжосэк.

Рэпрэзентаваная выстава складаецца з міждысцыплінарных працаў, што ахопліваюць графіку, інсталяцыю, скульптуру, тэкстыль і жывапіс. Яна падзеленая на дзве часткі: першая – пра агульную гісторыю, другая – пра беларускую сучаснасць, асабліва пасля 2020 года. Мастачка звяртаецца да матываў барочных інсталяцыяў, вядомых як «castrum doloris», сармацкага труннага партрэту або ўпрыгожванняў паўстання 1863 года. А з іншага боку, яе натхняюць працы Збылюта Гжывача, Ежы Зеліньскага і Паблё Пікаса.

Вэраніка Вжосэк (1994 г. н.) – выпускніца аддзелу графікі і жывапісу ды аддзелу візуальнага мастацтва ў Акадэміі прыгожых мастацтваў імя Уладзіслава Страмінскага ў Лодзі, а таксама аддзелу тэхналогіяў матэрыялаў і тэкстыльнага дызайну Лодзінскага палітэхнічнага ўніверсітэту. Ейныя працы экспанаваліся на дзясятках выставаў у Польшчы і за мяжою. Вжосэк – аўтарка шматлікіх публікацыяў у галіне мастацтва і дызайну.

Выстава даступная для прагляду з 21 лістапада 2024 года ў Музеі вольнай Беларусі па адрасе вул. Foksal, 11 у Варшаве. Вернісаж а 19:00. Уваход вольны.

Арыгiнал артыкула: belsat.eu

Czytaj więcej