
На працягу аднаго ўікенду — 12–13 красавіка — адначасова адкрыліся 11 сумесных выстаў у фармаце «галерэя + галерэя», што прадставілі шырокі і разнастайны зрэз сучаснага мастацтва.
На пляцоўцы Музея Вольнай Беларусі адбылася выстава «Skinned and Spined», арганізаваная галерэяй WHOISPOLA у супрацы з галерэяй Andréhn-Schiptjenko (Стакгольм / Парыж). У экспазіцыі былі прадстаўлены працы Jan Baszak, Jędrzej Bieńko і Sally von Rosen — мастакоў, чыя творчасць даследуе межы чалавечага, матэрыяльнага і трансфармацыйнага.
Як адзначаюць прадстаўнікі WHOISPOLA:
«Жывапіс Jędrzeja Bieńko, створаны з дапамогай аэраграфа на неапрацаваным ільняным палатне, паказвае фрагменты — твары, чэрапы. У цэнтры кампазіцыі — спакойны, засяроджаны твар, нібы абыякавы да разбурэння. Ён становіцца сімвалам таго, што свядомасць можа існаваць па-за межамі чалавечага, будучы часткай цыклаў жыцця, смерці і распаду.
Скульптуры Sally von Rosen — безгаловыя чатырохногія істоты са смалы — спалучаюць у сабе ўразлівасць і сілу. Іх мадулярныя, скрыўленыя целы ўвасабляюць не толькі пакуту, але і пераўтварэнне, адаптацыю, адмаўляючы ідэю нязменнай ідэнтычнасці. Ствараючы з гэтых форм вертыкальныя, складана збалансаваныя канструкцыі, мастачка пераасэнсоўвае ўяўленні пра рух і матэрыю.
Скульптуры Jana Baszaka, напрыклад цяля з дзвюма галовамі ў натуральную велічыню, зробленае са зношаных чорных шкарпэтак, закранаюць тэмы пераўтварэння, матэрыяльнай дзеяздольнасці і значэння рэчаў, якія мы адкідваем. Падвоеная галава цяля не выглядае пачварна — наадварот, яна сімвалізуе рухомую, узаемазвязаную ідэнтычнасць. Працы Baszaka, прасякнутыя рытуальнай энергетыкай, запрашаюць угледзець у забытым і непатрэбным — схаваную сілу».





Удзел Музея Вольнай Беларусі ў Constellations 2025 стаў важнай часткай міжнароднага мастацкага дыялогу і прадэманстраваў адкрытасць беларускай культурнай прасторы да глабальных працэсаў сучаснага мастацтва.