Выстава «Пачуцці»

Icon
December 10, 2024

10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, у Музеі Вольнай Беларусі адбылося адкрыццё выставы «Пачуцці» і прэзентацыя музычнага альбома «Пазначаныя жоўтым»

Экспазіцыя, арганізаваная праваабарончым цэнтрам «Вясна», прадстаўляла звыш 100 мастацкіх прац, створаных беларускімі палітвязнямі ва ўмовах турэмнага зняволення.

Гэтыя працы — крык душы, зашыфраваны ў лініях, вобразах і колерах, які адлюстроўвае прагу свабоды, любоў да блізкіх і стойкасць перад несправядлівасцю. «Пачуцці» — эмацыйны зварот з-за турэмных крат тых, хто пазбаўлены голасу, але працягвае сваю барацьбу. У сённяшніх умовах, калі перадаваць малюнкі з месцаў зняволення забаронена, а многія з іх наўпрост знішчаюцца, гэтыя творы набылі асаблівую каштоўнасць: іх збераглі самі палітвязні, іх родныя і праваабаронцы.

Куратар выставы — былы палітвязень Арцём Задруцкі.

Арцём Задруцкі

Падчас адкрыцця была таксама прадстаўлена ўнікальная праца — музычны альбом «Пазначаныя жоўтым». Ён уключае шэсць трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення. Аснова тэкстаў — рэальныя сведчанні палітзняволеных, а ў аранжыроўках выкарыстаны архіўныя запісы затрыманняў, судовых працэсаў і галасоў палітвязняў. Сярод іншага, у альбоме можна пачуць бразгат кайданкоў Марыі Калеснікавай, абурэнне жыхароў «Плошчы Перамен» пры затрыманні Сцяпана Латыпава, голас Сяргея Ціханоўскага і чытанне лістоў дзяцей палітвязняў.

Альбом створаны сумесна паэтамі, акторамі, музыкантамі, праваабаронцамі і былымі палітвязнямі. На адкрыцці выставы наведвальнікі мелі магчымасць сустрэцца з часткай гэтай таленавітай каманды.

Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці»
Выстава «Пачуцці». Варшава, 2024. Фота: Музеі Вольнай Беларусі

Наведвальнiкi выставы «Пачуцці». Варшава, 2024. Фота: Музеі Вольнай Беларусі