MOST: У Варшаве адкрылася выстава рэчаў былых палітвязняў, якая паказвае ўмовы ў беларускіх калоніях

Icon
January 22, 2026
News Main Image

У Варшаве адкрылася выстава рэчаў былых палітвязняў, якая паказвае ўмовы ў беларускіх калоніях

22 студзеня 2026, 14:19

Навіны

«Кропка ўваходу — 123»

Выстава «Кропка ўваходу — 123». Фота: MOST

Алюмініевая лыжка ў футляры, заначка з пакецікамі гарбаты, самаробныя ігральныя карты. Усім гэтым яшчэ нядаўна карысталіся і даражылі былыя палітзняволеныя. А сёння гэта экспанаты выставы «Кропка ўваходу — 123», якая адкрылася ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Лічба ў назве нагадвае пра колькасць палітвязняў, вызваленых 13 снежня 2025 года.

Арганізатары кажуць, што звычайныя рэчы сталі «сведкамі досведу зняволення, гвалту і выжывання». Напрыклад, простую лыжку прыходзілася асабліва берагчы. Тая, што прадстаўленая на экспазіцыі, належала Уладзіміру Парашкову. У чахол была ўкладзеная запіска «З пачатку турэмнага тэрміна ўсю турму».

— Кожны палітвязень мае ў калоніі сваю асабістую лыжку, і калі ён яе згубіць — для яго гэта вельмі сур’ёзныя турботы. Іншай ён не атрымае. І прыходзіцца яе дзесьці набываць рознымі таемнымі варыянтамі, — тлумачыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў  «Да Волі» Алег Кулеша.

«Кропка ўваходу — 123»
Кіпяцільнік і прышчэпкі. Фота: MOST

Яшчэ адна важная рэч — кіпяцільнік. На экспазіцыі — той, якім карыстаўся Віктар Мека.

— Харчаванне ў СІЗА вельмі благое. Адзіны шанец — калі ты атрымліваеш праз перадачы нейкую гарбатку, ці «Ралтон», ці кашу хуткага гатавання, можаш сабе прыгатаваць, — кажа Алег Кулеша.

Алена Гнаук перадала на выставу «заначку зэка», перавязаную на дзве часткі. У адной — два пакецікі гарбаты, у другой — карабок з-пад запалак з самаробнымі ігральнымі картамі — кавалачкі белай паперы, на якіх рознымі колерамі напісаныя лічбы. Карты ў турме забароненыя.

«Кропка ўваходу — 123»
Экспанаты выставы «Кропка ўваходу — 123», уверсе — самаробныя карты. Фота: MOST

Для перадачы сакрэтнай інфармацыі і рэчаў у турме выкарыстоўваецца мутка — самаробны пакецік. Ён таксама на выставе.

Юрыст, былы палітзняволены Максім Знак перадаў на выставу паштоўку, падпісаную ў 2021 годзе. У ёй ён тлумачыць, як заварыць гарбату ў кругалі — турэмным кубку. Былая галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава перадала музею кубак з мапай свету, якім карысталася.

«Кропка ўваходу — 123»
Кубак Марыны Золатавай. Фота: MOST

Выстава будзе адкрытая для наведвання па 1 сакавіка 2026 года.

Арыгінальны матэрыл: mostmedia.io