Budzma.org: Free Belarus Museum to present Belarusian contemporary art in the official programme of Warsaw Gallery Weekend for the first time

Icon
July 21, 2026
News Main Image

Музей Вольнай Беларусі ўпершыню прадставіць беларускае сучаснае мастацтва ў афіцыйнай праграме Warsaw Gallery Weekend

22.07.2026 ГРАМАДСТВА МАСТАЦТВА

Музей Вольнай Беларусі ўпершыню далучыцца да Warsaw Gallery Weekend не толькі як пляцоўка правядзення падзей, але і як музейная інстытуцыя, якая афіцыйна прадстаўляе беларускае сучаснае мастацтва ў праграме найбуйнейшага фестывалю сучаснага мастацтва ў Цэнтральнай Еўропе.

У межах Warsaw Gallery Weekend 2026 Музей Вольнай Беларусі прадставіць персанальную выставу маладога беларускага мастака Аляксандра Адамава hyperMOTHER. Shared Breathing, якая адкрыецца 18 верасня.

WGW1.jpg

Гэта важны этап у развіцці музея. Удзел у Warsaw Gallery Weekend у новым статусе сведчыць пра прызнанне Музея Вольнай Беларусі як паўнавартаснай еўрапейскай культурнай прасторы, якая паслядоўна прадстаўляе беларускае сучаснае мастацтва міжнароднай аўдыторыі.

Сёння Музей Вольнай Беларусі — гэта не толькі прастора захавання памяці і асэнсавання найноўшай гісторыі Беларусі, але і адкрытая платформа для сучаснага мастацтва, падтрымкі незалежных беларускіх творцаў і развіцця культурнага дыялогу.

Ужо ў шаснаццаты раз Warsaw Gallery Weekend аб’яднае вядучыя галерэі і мастацкія інстытуцыі Варшавы, ператвараючы горад у адзіную арт-прастору. На працягу трох дзён гледачы змогуць наведаць дзясяткі выстаў, сустрэцца з мастакамі і пазнаёміцца з найбольш актуальнымі мастацкімі праектамі рэгіёна.

WGW2.jpg

Новы праект hyperMOTHER. Shared Breathing Аляксандра Адамава развіваецца як доўгатэрміновы мастацкі цыкл. Выстава даследуе тэмы біяпалітыкі клопату, дэлегавання цялеснасці і экзістэнцыяльнай стомленасці сучаснага чалавека, разважаючы пра ўразлівасць, узаемазалежнасць і формы існавання ў свеце, што пастаянна змяняецца.

Для Музея Вольнай Беларусі ўдзел у Warsaw Gallery Weekend — гэта не толькі магчымасць паказаць новы мастацкі праект, але і важны крок у міжнародным прадстаўленні беларускай культуры, падтрымцы сучасных беларускіх мастакоў і пашырэнні прысутнасці Беларусі на культурнай мапе Еўропы.

Адкрыццё выставы: 18 верасня 2026 года

Даты правядзення Warsaw Gallery Weekend 2026: 18–20 верасня 2026 года

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Варшава.