Belsat: Музей вольнай Беларусі алічбаваў 200 экспанатаў – праект завершаны

Icon
January 23, 2026
News Main Image

Музей вольнай Беларусі алічбаваў 200 экспанатаў – праект завершаны

23.01.2026, 17:57

img

Намеснік старшыні АПК і кіраўнік НАУ Павел Латушка прамаўляе падчас прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Музей Вольнай Беларусі завяршыў праект алічбоўвання і адкрытага доступу да музейных збораў. Лічбавая калекцыя з 200 экспанатаў ужо апублікаваная на сайце музею. Праект быў рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы польскага Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, а таксама фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Прэзентацыя праекту адбылася ў Варшаве 22 студзеня.

«У межах праекту было алічбавана 200 аб'ектаў, але гэта толькі палова нашага фонду. Людзі да гэтага часу нясуць ці дасылаюць свае рэчы ў музей, дзеляцца асабістымі гісторыямі і сямейнымі рэліквіямі. Мы вельмі ўдзячныя ім. І мы вельмі цешымся, што для тых беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, наш праект алічбоўвання дае магчымасць гэтыя артэфакты пабачыць», – казала падчас прэзентацыі супрацоўніца варшаўскага Музею вольнай Беларусі Вольга Каралёнак.

Яна дадала, што гэта першы досвед дыгіталізацыі экспанатаў Музею вольнай Беларусі – «вопыт няпросты, але вопыт паспяховы і вельмі карысны». Праект ажыццявіла невялікая каманда людзей, у склад якой уваходзіла кіраўніца музею Наталля Задзяркоўская, Ігар Станкевіч, Аляксей Бацюкоў, Анджэй Данілюк.

У той жа час у межах праекту ладзіліся адукацыйныя варштаты (10 сустрэчаў), прысвечаныя алічбоўванню музейных і бібліятэчных фондаў. Удзел у іх узялі 80 чалавек.

Прэзентацыя вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прэзентацыя вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

40 здымкаў сцяга Марыі Грыц

Паводле каардынатара праекту Ігара Станкевіча, дыгіталізацыя музейных аб'ектаў заняла паўгода.

«Прычым гэта абʼекты розныя. Друкаваныя дакументы алічбаваць было проста. Але былі абʼёмныя рэчы, напрыклад – сукенка БЧБ-нявесты, БЧБ-парасоны, кулі, якімі стралялі ў пратэстоўцаў, сцяг Марыі Грыц з імёнамі палітвязняў ды іншыя. І гэтыя рэчы вымагалі большых высілкаў і большай колькасці здымкаў – іх трэба было здымаць з розных бакоў. Таму агулам атрымалася каля 2500 фотаздымкаў», – расказаў Ігар Станкевіч.

Фатограф і спецыяліст у галіне дыгіталізацыі Анджэй Данілюк, які здымаў экспанаты музею, кажа, што ўсё рабілася паводле сусветных стандартаў і патрабаванняў да алічбоўвання музейных экспанатаў. Адпаведная камера, адпаведнае асвятленне. Сам працэс фатаграфавання экспанатаў быў няпросты і займаў шмат часу.

Менеджэр праекту Анджей Данілюк прамаўляе падчас прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Менеджэр праекту Анджей Данілюк прамаўляе падчас прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Фатограф прызнаецца, што, напрыклад, 10-метровы бел-чырвона-белы сцяг аўтарства Марыі Грыц з прозвішчамі палітвязняў запатрабаваў ажно 40 асобных фотаздымкаў, каб надпісы на палатне былі чытэльныя.

,,

«Мы прыклалі шмат старанняў і навыкаў, каб усе абʼекты былі дыгіталізаваныя згодна з найвышэйшымі стандартамі якасці. З тых 200 абʼектаў выйшла 2500 здымкаў – амаль на палову тэрабайта дадзеных. І гэта за паўтара месяца – шалёна кароткі тэрмін для такой працы. Але нам удалася зрабіць гэта, і я вельмі шчаслівы і задаволены тым, што мы можам сёння спаткацца і казаць, што праект быў паспяховы», – зазначыў падчас прэзентацыі праекту фатограф Анджэй Данілюк.

«Веру, што ён размесціцца ў палацы, дзе засядае дыктатар»

На прэзентацыі праекту ў Музеі вольнай Беларусі прысутнічалі паўнамоцны прадстаўнік міністра замежных справаў Польшчы для супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Халаціньскі (Adam Hałaciński), нашчадак слыннага роду Радзівілаў князь Мацей Радзівіл, прадстаўнікі польскіх музейных установаў, кіраўнік Прадстаўніцтва ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ і былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

«Калі мы стваралі Музей вольнай Беларусі, ужо тады думалі: а дзе ж ён размесціцца ў будучым? Я хачу паўтарыць: я веру ў тое, што ён будзе размяшчацца ў палацы, дзе сёння засядае дыктатар. Там 50 тысяч квадратных метраў! Можаце сабе ўявіць, якія гэта музейныя плошчы. Таму 200 экспанатаў, якія мы алічбавалі, – гэта яшчэ мала, яшчэ трэба папрацаваць. І ўсім нам трэба папрацаваць. Усе мы можам перадаваць архіўныя матэрыялы ў музей і пашыраць гэтую калекцыю», – казаў падчас прэзентацыі праекту Павел Латушка.

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі падчас прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі падчас прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Ён прызнаўся, што асабіста перадаў у музей шэраг абʼектаў, сярод якіх матэрыялы, звязаныя з падачай у Міжнародны крымінальны суд дакументаў для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці. Латушка выказаў спадзяванні, што гэтыя дакументы не застануцца надоўга ў архіве музею, а стануць рэальнасцю.

«Калі мы кажам пра алічбоўванне матэрыялаў музейных архіваў, то гэта фіксацыя не толькі для будучых пакаленняў, але і для сённяшніх. Канешне, я б хацеў, каб людзі больш наведвалі музеі, а не сядзелі перад кампʼютарам. Але алічбоўванне спрашчае доступ да гэтых матэрыялаў. Тое, што зроблена, я лічу вельмі важным. Гэта толькі пачатак працы, вялікай працы фіксавання і дакументавання важнага перыяду нашай гісторыі. Усё гэта прайшло праз нас, тут прысутных, і не толькі. Усё гэта прайшло праз нашыя сэрцы», – казаў Павел Латушка.

Госці прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі» аглядаюць выставу «Кропка ўваходу – 123». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Госці прэзентацыі вынікаў праекту «Лічбавізацыя і забеспячэнне доступу да рэсурсаў Музею Вольнай Беларусі», рэалізаванага пры суфінансаванні Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча і Фундацыі «Адукацыя для дэмакратыі» аглядаюць выставу «Кропка ўваходу – 123». Варшава, Польшча. 20 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

З віртуальнай экскурсіяй

У сваёй прамове Павел Латушка выказваў шчырыя падзякі на адрас Міністэрства культуры і Міністэрства замежных справаў Польшчы, якія падтрымалі праект дыгіталізацыі архіваў Музею вольнай Беларусі. Згадваў таксама пра свае сустрэчы і гутаркі з удавой Васіля Быкава Ірынай Міхайлаўнай Быкавай, якая пайшла з жыцця 21 студзеня.

У межах праекту Музей вольнай Беларусі набыў таксама ліцэнзіі на 15 аўтарскіх фотаздымкаў 2020 года, зробленых беларускімі фатографамі, і падрыхтаваў аўдыёапісанні часткі лічбавых копіяў – для людзей з парушэннямі зроку. Удзельнікі праекту распрацавалі і віртуальную экскурсію, якую змогуць убачыць наведнікі з VR-абсталяваннем. Яна будзе даступная і на сайце музею.

Быў таксама зняты 12-хвілінны фільм, які падрабязна расказвае пра мэты праекту, этапы яго ажыццяўлення, вынікі і значэнне яго для музею і ўсяго беларускага дэмакратычнага руху. Фільм паказалі на прэзентацыі праекту.

Удзельнікі прэзентацыі маглі таксама азнаёміцца з новай фондавай выставай Музею вольнай Беларусі «Кропка ўваходу – 123», якая будзе працаваць да 1 сакавіка.

Зміцер Міраш belsat.eu

Арыгiнал артыкула: belsat.eu