«Застацца»: у Варшаве адкрылася выстава, прымеркаваная да дня народзінаў Алеся Пушкіна

Icon
August 7, 2025
News Main Image

Шостага жніўня 2025 году ў Варшаве адкрылася выстава «Застацца/ Zostać». Яна прымеркаваная да 60-годдзя з дня нараджэння Алеся Пушкіна — мастака і палітвязня, які памёр у турме.

Урачыстае адкрыццё імпрэзы адбылося ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11, Warszawa). Падчас адкрыцця выставы адбываліся размовы пра Алеся Пушкіна, выступ жаночага хору SPIEVY і DJ Xeenool.

Жаночы хор SPIEVY
Адкрыццё выставы «Застацца»
Адкрыццё выставы «Застацца»

Арганізатары зазначаюць:

«"Застацца / Zostać" — гэта даследаванне ідэнтычнасці, памяці, міграцыі і штодзённасці, якое аб’ядноўвае асабістае і супольнае, трагічнае і жыццёвае, боль і надзею. Гэты праект не столькі пра самога Алеся Пушкіна, колькі пра тэмы і вобразы, якія былі цэнтральнымі ў яго творчасці і жыцці, і якія працягваюць жыць сёння праз іншых мастакоў і мастачак».

Адкрыццё выставы «Застацца»

На імпрэзе прадстаўленыя жывапіс, інсталяцыі і скульптуры беларускіх мастакоў і мастачак, якія праз мастацтва асэнсоўваюць досвед выгнання, рытуалаў, побыту, а таксама спробу знайсці ўнутраную апору ў часы, калі ўсё навокал змяняецца. У экспазіцыі прадстаўлены працы наступных мастакоў і мастачак: Ксіша Ангелава, Ніна Маргаева, Святлана Баева, Аляксей Врублеўскі, Юлія Мекес, Dead Boy,  Ксенія Лагавая, @белы, Лера Лазук, Кася Варакса, Святаслаў Камароў, Яраслаў Гамолка, Міхаіл Гулін, Андрэй Духоўнікаў, Ілля Дудараў.

Адкрыццё выставы «Застацца»
Адкрыццё выставы «Застацца»
Адкрыццё выставы «Застацца». Варшава, 2025.

У межах выставы таксама адкрыўся аўкцыён прац, усе сродкі ад продажу пяройдуць да аўтараў. Лоты аўкцыёну будуць паказаны на старонцы праекта alespushkin.com, дзе кожны можа азнаёміцца з працамі і зрабіць свой унёсак у падтрымку сучаснага беларускага мастацтва.

Выстава працягнецца да 20 жніўня 2025 года. Уваход вольны.

Алесь Пушкін — мастак і палітвязень, якога асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Падчас абвяшчэння прысуду 30 сакавіка 2022 году Алесь гучна гаварыў і распрануўся, каб былі бачныя парэзы на жываце ў выглядзе крыжа. За гэта яго на 13 сутак змясцілі ў карцар. Праз паўгода пасля этапу ў калонію яго перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Менш чым праз год, уначы 11 ліпеня 2023 года, Алесь памёр у рэанімацыі праз несвоечасова аказаную медыцынскую дапамогу пры прабадной язве.

Арыгiнал артыкула: ВЯСНА

Czytaj więcej