Дэлегацыя беларускіх музейшчыкаў прыняла ўдзел у Еўрапейскім Музейным Форуме

Icon
May 24, 2025
News Main Image

Дэлегацыя беларускіх музейшчыкаў, аб’яднаных пад эгідай ініцыятывы «Беларуская музейная лабараторыя», створанай у сцянах Музея Вольнай Беларусі, наведала буйнейшы музейны форум у Еўропе – European Museum of the Year Award. Музейшчыкі з Беларусі ў выгнанні - былыя заснавальнікі і дырэктары музеяў, даследчыкі, прадстаўнікі музейнага менэджмента – прысутнічалі на панэльных пасяджэннях, воркшопах і прэзентацыйных мерапрыемтсвах на працягу ўсіх пяці дзён, што доўжыўся форум. Удзел у мерапрыемствах для беларускіх спецыялістаў быў забяспечаны ў тым ліку прымаючай установай – Музеем Памяці Сібіры ў Беластоку пры арганізацыйнай падтрымцы Музея Вольнай Беларусі і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Запрашаючы беларускіх прадстаўнікоў на форум, дырэктар Музея Памяці Сібіры Войцэх Слешыньскі падкрэсліў, што польская музейная супольнасць высока ацэньвае важнасць падтрымкі прадстаўнікоў дэмакратычнай музейнай супольнасці Беларусі і разумее выключныя цяжкасці, з якімі яна сутыкаецеся ў сувязі з цяперашняй палітычнай сітуацыяй і вынікаючымі з гэтага абмежаваннямі. «Мы хацелі б запэўніць вас у нашай глыбокай павазе і салідарнасці з вашымі ініцыятывамі» – падкрэсліў ён .

Еўрапейская прэмія «Музей года» (European Museum of the Year Award) – гэта прэстыжнае міжнароднае мерапрыемства, якое адыгрывае важную ролю ў развіцці музейнай справы ў Еўропе. Яна прысуджаецца за ўнёсак у навацыі, якасць экспазіцый, працу з публікай і культурную важнасць музеяў. Уручэнне прэміі не толькі павышае прэстыж пераможцаў, але і стымулюе прафесійны рост, абмен досведам і развіццё музейнай супольнасці. 

Пераможцам прэміі стаў Музей Манчэстэра, які выклікаў захапленне журы сваёй шматграннай працай з разнастайнымі супольнасцямі, у тым ліку ўразлівымі. Спецыяльнай персанальнай прэміяй ад знакамітага даследчыка Кенэта Хадсана была ўганараваная Ніні Санадзірадзэ, што зазнала пераслед за падтрымку антырасійскіх пратэстаў і была звольненая з пасады Генеральнага дырэктара Саюза музеяў Тбілісі. Знаёмячыся з беларускай дэлегацыяйі, спадарыня Ніні падкрэсліла, што добра ведае беларускую сітуацыю і тыя выклікі, з якімі сутыкаецца прафесійная музейная супольнасць — закладнік усеахопнага імкнення беларускага народа да свабоды і дэмакратыі.

Czytaj więcej