Budźma Biełarusami!: Muzeum Wolnej Białorusi ogłasza otwarty nabór projektów artystycznych na 2027 rok

Icon
listopad 18, 2026
News Main Image

Музей Вольнай Беларусі абвяшчае адкрыты набор творчых праектаў на 2027 год

18.11.2026Грамадства

Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве запрашае беларускіх творцаў, культурніцкія ініцыятывы і супольнасці падаваць заяўкі на рэалізацыю праектаў у 2027 годзе. Набор дапамагае музею знаходзіць новыя ідэі і падтрымліваць тых, хто хоча развіваць беларускую культуру, мастацтва і адукацыю за мяжой.
muziej-volnaj-bielarusi-001.jpeg

Выстава ў Музеі вольнай Беларусі. Фота з архіва музея

Адкрыты набор творчых праектаў — штогадовая ініцыятыва Музея Вольнай Беларусі, якая дазваляе знаходзіць новыя таленты, цікавыя ідэі і магчымасці для супрацоўніцтва. Дзякуючы прапановам аўтараў і арганізатараў на музейнай пляцоўцы ўжо адбылося каля дзясятка розных імпрэз: прэзентацыі кніг і іншых выданняў, мастацкія выставы, канцэрты і культурніцкія сустрэчы.

Музей імкнецца быць не толькі прасторай для захавання і прадстаўлення беларускай гісторыі і культуры, але і адкрытай пляцоўкай, дзе могуць нараджацца і рэалізоўвацца новыя творчыя праекты.

У 2027 годзе музей запрашае да супрацоўніцтва мастакоў, фатографаў, дызайнераў, тэатральных дзеячаў, музыкаў, гісторыкаў, даследчыкаў, арганізатараў культурніцкіх падзей і ўсіх, хто мае ідэю для творчага, адукацыйнага або грамадскага праекта.

На якія праекты можна падаць заяўку?

Музей разглядае прапановы ў розных напрамках, у тым ліку:

  • выставачныя і мастацкія праекты;
  • літаратурныя вечары і прэзентацыі;
  • кінапаказы і лекцыі;
  • культурніцкія ўікенды і фестывалі;
  • тэатральныя і музычныя падзеі;
  • гістарычныя і даследчыя праекты;
  • адукацыйныя і грамадскія ініцыятывы;
  • падзеі і праекты для дзіцячай аўдыторыі.

Што прапануе музей?

Аўтарам адабраных ініцыятыў музей прапануе шматфункцыянальную прастору ў цэнтры Варшавы, падтрымку каманды, а пры неабходнасці — ментарскую дапамогу на розных этапах рэалізацыі праекта. Таксама музей забяспечыць тэхнічную і інфармацыйную падтрымку.

Для ўдзелу ў наборы неабходна запоўніць анлайн-форму, у якой трэба коратка апісаць канцэпцыю праекта, яго мэты і задачы, меркаваныя тэрміны рэалізацыі, а таксама пазначыць, ці мае ініцыятыва фінансавую падтрымку.

Форма заяўкі па спасылцы.

Тэрмін прыёму заявак: да 15 снежня 2026 года.