BELSAT: «Сведчанні таго што мы былі, ёсць і будзем». У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава «Дэпатрыяцыя»

Icon
June 11, 2026
News Main Image

Рэпартаж

«Сведчанні таго што мы былі, ёсць і будзем». У Музеі вольнай Беларусі адкрылася выстава «Дэпатрыяцыя»

10.06.2026, 13:36

Экспанат выставы «Дэпатрыяцыя», якая адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

9 чэрвеня ў Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася выстава «Дэпатрыяцыя» («Depatriation»), на якой экспануюцца ўратаваныя артэфакты гісторыі беларускіх пратэстаў. У музейнай прасторы пахне дрэвам, чырвонай фарбай і попелам. Адно з цэнтральных месцаў займаюць напаўспаленыя выбарчыя бюлетэні 2020 года. Праект быў рэалізаваны дзякуючы падтрымцы ініцыятывы «Belarus Beehive» і Еўрапейскага Звязу. «Белсат» пабываў на адкрыцці выставы.

«„Дэпатрыяцыя“ – гэта калі Patria – Радзіма – ужо не можа ўтрымліваць свае знакі. Калі нацыянальныя сімвалы выціскаюцца са сваёй уласнай прасторы. Калі рэчы пазбаўляюцца права быць у сябе дома. Халоднае і жорсткае, гэтае слова расказвае нам пра нешта большае, чым проста пра лёс музейных экспанатаў», – чытаем у выдадзеным да адкрыцця – арыгінальным і густоўным – каталогу.

На нашае вуха «дэпатрыяцыя» – не проста «халоднае і жорсткае», а і страшнае слова. У ангельскай «depatriation» зусім не ўжываецца (у адрозненне ад «repatriation» – «вяртання на радзіму»). Але, запазычанае, яно набывае ў беларускім кантэксце другое жыццё. Дэпатрыяваныя беларусы – выгнанцы і палітычныя ўцекачы – гэта не толькі людзі. Рэчы – таксама.

Наталля Задзяркоўская: Гэта толькі верхавіна айсберга…

,,

«Сёння Беларусь – наша краіна – гэта не тое месца, дзе беларусы могуць адчуваць сябе вольнымі і ў бяспецы. І такі самы лёс напаткаў гэтыя артэфакты. Сотні тысячаў беларусаў вымушаныя былі з'ехаць з краіны. Гэтыя экспанаты таксама пакінулі краіну, каб выжыць і не быць знішчанымі. Сёння – на жаль! – для іх бяспечней знаходзіцца тут, у Польшчы, чым у сваім доме», – кажа падчас адкрыцця выставы кіраўніца праекту, дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская.

На выставе «Дэпатрыяцыя» дэманструецца толькі частка са 173 прадметаў, дэпатрыяваных і сабраных (плюс – некалькі тысячаў электронных фота і відэа) падчас рэалізацыі праекту «Музеефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі».

«Тое, што сёння ў нас на выставе, – толькі верхавіна айсберга», – кажа Задзяркоўская. Шмат што не раскрываецца з меркаванняў бяспекі, бо ўладальнікі шэрагу рэчаў знаходзяцца ў Беларусі.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская выступае з прамовай на адкрыцці выставы «Дэпатрыяцыя». Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская выступае з прамовай на адкрыцці выставы «Дэпатрыяцыя». Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

У дачыненні да рэчаў, якія ў поўнай канспірацыі перапраўляліся за мяжу, кіраўніца музею ўжывае слова «выратаваныя». Наталля Задзяркоўская кажа, што праект будзе працягвацца.

«Падчас яго рэалізацыі мы кантактавалі з людзьмі з Беларусі і маем уяўленне, наколькі шмат яшчэ застаецца ў Беларусі такіх рэчаў і як беражліва, з разуменнем таго, што яны – сведкі нашай гісторыі, іх захоўваюць людзі. Яны расказваюць, што гэтыя рэчы, закапаныя ці схаваныя, чакаюць свайго часу. Як і ўсе мы…» – заўважае Задзяркоўская.

Шарэнда-Панасюк: Гэтыя бюлетэні – надзвычай важныя доказы

У экспазіцыі: пажоўклая старонка з газеты «Свабода» з вершам Ведзьмака Лысагорскага «Лука Мудзішчаў – прэзідэнт» (1994), улётка БНФ «Адраджэнне» з тэкстам Зянона Пазняка «Прывітанне Мірону» (1998), значок «16», зроблены да «джынсавай рэвалюцыі» 2006 года, нумар «Камсамольскай праўды» ад 15 жніўня 2020 года, прысвечаны збіццю пратэстоўцаў. Там жа – пасведчанне кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, фрагменты фотастужкі з праяўленымі кадрамі 2020 года і шмат што яшчэ.

Экспанат выставы «Дэпатрыяцыя», якая адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат
Экспанат выставы «Дэпатрыяцыя», якая адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

«Гэтыя экспанаты, якія я пабачыў – газеты, адзенне, прадметы, – робяць велізарнае ўражанне. Але, мабыць, найбольш мяне ўразілі бюлетэні для галасавання, якія, як я разумею, былі перапраўленыя сюды з Берасця і якія з'яўляюцца найлепшым доказам таго, што насамрэч адбылося ў жніўні 2020 года ў Беларусі», – прызнаваўся на адкрыцці выставы прадстаўнік польскага МЗС, дырэктар Дэпартаменту культурнай дыпламатыі і прамоцыі Польшчы Ролянд Хайнацкі.

Абгарэлыя па краях выбарчыя бюлетэні – мабыць, сапраўды самы моцны і гарачы экспанат праекту «Дэпатрыяцыя». У экспазіцыі дэманструюцца 9 бюлетэняў з 20, якія знаходзяцца ў фондах музею. На сямі з іх стаяць птушачкі насупраць прозвішча кандыдаткі Ціханоўскай. Гэтыя напаўспаленыя аркушы перадала ў музей былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая таксама прысутнічала на адкрыцці.

«Гэтыя бюлетэні мне перадалі людзі літаральна праз некалькі дзён пасля таго, як у Берасці 9 жніўня прагучалі першыя стрэлы. У людзей страляла 38-я брыгада... І вось у гэтых абставінах, бо яшчэ невядома было, што і як, са мной проста на вуліцы сустрэліся людзі і працягнулі мне пачак гэтых бюлетэняў. Яны былі такія вось скурчаныя, абгарэлыя… І гэтыя людзі сказалі, што бюлетэні былі выцягнутыя з полымя, з качагаркі – іх палілі, спальвалі…» – расказвае Шарэнда-Панасюк.

Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат
Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Яна адзначае, як гэта важна, што, хай і не ў Беларусі, але – побач з Беларуссю, з'явілася нарэшце месца, куды можна перадаць гэтыя артэфакты, якія ўжо і не артэфакты нават, а «доказы ў тым трыбунале, які рана ці позна адбудзецца ў Беларусі».

«Гэта надзвычай важныя доказы. І я пацвярджаю, што гэтыя бюлетэні я атрымала неўзабаве пасля 9 жніўня. І я гатовая прысягаць, я гатовая даваць паказанні ў судзе. Гэта не ўсе бюлетэні – яшчэ ёсць частка, іх я таксама планую перадаць іншым людзям, на запатрабаванне. Яны адлюстроўваюць тую карціну, якая была ў Беларусі», – сцвердзіла былая палітзняволеная.

«Дэпатрыяцыя» ў Музеі вольнай Беларусі – да 26 чэрвеня

На адкрыцці праекту выступіла таксама беларуская журналістка Кацярына Карпіцкая. Яна перадала для экспазіцыі сваё пасведчанне журналісткі «Нашай Нівы», якое «сілавікі» спрабавалі парваць падчас аднаго з маршаў.

,,

«Гэта вельмі важная справа – збіраць такія артэфакты. Бо як бы ні спрабавалі там перапісаць гісторыю, знішчыць архівы і такія артэфакты, блакаваць рэсурсы і прызнаваць іх «экстрэмісцкімі», гэта сведчанні таго, што насамрэч было. Сведчанні таго, што мы былі, ёсць і будзем», – кажа Карпіцкая.

Журналістку пабілі, затрымалі, яна трапіла ў шпіталь. А пасля выпіскі, як расказвае, скупіла ва ўсіх газетных шапіках Партызанскага раёну Менску «Камсамолку» ад 15 жніўня 2020 года, якая расказвала пра гвалт сілавікоў, і раздавала гэты нумар «бабулям і дзядулям на лавачках». Адзін з экзэмпляраў Кацярына вывезла за мяжу і перадала Музею вольнай Беларусі ў Польшчы. Цяпер гэта экспанат выставы «Дэпатрыяцыя».

Грамадскі дзеяч, былы журналіст БелаПАН і кіраўнік гарадской арганізацыі БСДП «Народная Грамада» ў Магілёве Уладзімір Лапцэвіч, які перадаў для выставы шмат дакументаў і выданняў 1990-х – пачатку 2000-х гадоў, падкрэсліў у сваёй прамове, што для яго найважнейшае – каб «з гэтымі дакументамі потым маглі працаваць даследчыкі».

«Каб працавалі тыя, хто будзе вывучаць гісторыю Беларусі, усе грамадскія плыні, рухі, падзеі, якія адбываліся. І – каб рабілі высновы», – падкрэслівае Лапцэвіч.

Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат
Адкрыццё выставы «Дэпатрыяцыя» ў Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 9 чэрвеня 2026 года. Фота: Белсат

Але выставу варта наведаць не толькі ў даследчыцкіх мэтах або каб ажывіць памяць, але і каб атрымаць чыстую эстэтычную асалоду ад, напрыклад, дызайну аўтарства Аляксандра Адамава (драўляныя скрыні і чырвоная фарба), ад таго, як гэта ўсё зладжана, ад самой атмасферы. Дарэчы, частку экспанатаў можна ўбачыць праз акуляры віртуальнай рэальнасці.

Выстава «Дэпатрыяцыя» («Depatriation») будзе працаваць у Музеі вольнай Беларусі ў Варшаве (Foksal, 11/1) да 26 чэрвеня. Праект стаўся магчымы і быў рэалізаваны пры падтрымцы ініцыятывы «Belarus Beehive» і Еўрапейскага Звязу.

Зміцер Міраш belsat.eu