Belsat: „Przed wizytą — wyśpijcie się!” W Warszawie w ramach WGW otwarto wystawę indywidualną Aleksandra Adamaua

Icon
September 19, 2026
News Main Image

19.09.2026, 19:05

img

Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

‍

18 верасня ў межах фестывалю сучаснага мастацтва Warsaw Gallery Weekend (WGW+) у Музеі вольнай Беларусі адкрылася персанальная выстава беларускага мастака Аляксандра Адамава – «hyperMother. Shared Breathing». Гэта працяг і развіццё канцэптуальнага праекту Адамава «Гіперрэалістычная Маці», які летась быў паказаны ў Познані (галерэя «Шчур»). Выстава ў Варшаве адкрылася перформансам «Preliminary Procedure: Calibration of Denial». «Белсат» пабываў на адкрыцці.

Дзве аранжавыя канапы, паміж імі – шкляны столік з кніжкамі, на якім: ваза з кветкамі фламінга, сподак з апетытнымі белымі пігулкамі (пры збліжэнні: ібупром), у левым вуглу – чорная адамаўская «The Pietà» з Будай, які трымае на каленях Хрыста. Гучыць музыка, хочацца заплюшчыць вочы і памяняцца месцамі з Ісусам…

Санаторый будучыні?..

На адну з канапаў сядае дзяўчына (яе завуць Зуза), разгортвае кніжку і пачынае чытаць уголас. Чытае паўхвіліны, адкладае кніжку, бярэ іншую, чытае, робіць паўзу, бярэ наступную…

,,

«Калі мы адчуваем, што ў нашым жыцці адбываецца штосьці кепскае, калі мы стомленыя, дрэнна сябе адчуваем і горш функцыянуем, мы ідзём да лекара або скардзімся сябрам. І тады часта чуем простую і ў той жа час складаную параду: «Прыйшоў час паклапаціцца пра сябе…» – чытае Зуза па-польску.

Далей – па-ангельску: «Можна сказаць, што кожны, хто будуе планы наконт уласнай смерці, плануе ўласнае самагубства…» (больш не цытуем, бо гэта з «The Peaceful Pill Handbook» Філіпа Ніцкэ, забароненага ў многіх краінах).

Наступны ўрывак – з «Даведніка бяспекі» («Poradnik bezpieczeństwa»), які сёлета атрымаў па пошце хіба кожны, хто жыве ў Польшчы.

Зуза працягвае. За яе спінай – бардова-шакаладная сцяна (вызначэнне колеру – Яраслаў Кірвель). На канапу сядае аўтар. З-за сцяны сочыцца музыка.

«Shared Breathing» нагадвае прастору санаторыя будучыні. Тут гук, вібрацыі і дыханне ствараюць агульны рытм, а наведніку прапануюць на нейкі час адмовіцца ад неабходнасці пастаянна кантраляваць сябе, быць прадуктыўным, аналізаваць свой стан і імкнуцца стаць «лепшай версіяй сябе», – чытаем у анатацыі да праекту.

І яшчэ: «Галоўнае пытанне праекту: дзе заканчваецца клопат і пачынаецца кантроль?..»

Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Адмовіцца ад гонкі за памнажэннем жыццёвага патэнцыялу»

Між тым, тыя самыя наведнікі ўслухоўваюцца ў словы, прысаджваюцца на канапу насупраць, робяць сэлфі з газавымі балончыкамі (бірулька ў выглядзе слязы з выявай Маткі Боскі), разглядаюць вежу Паноптыкона (праект новага будынку) у самым цэнтры залы, выходзяць, вяртаюцца, сустракаюцца вачыма з позіркам піянерважатай у цэнтры палатна «Сад», які поўніцца вобразамі і дэталямі «Саду зямных асалодаў» Босха.

Хтосьці, пакуль гучыць голас Зузы, раскідвае рукі і кладзецца на пуфікі, выстаўленыя крыжам – укрыжоўвае сябе (гарызантальна!) з усмешкай на вуснах (камусьці ўсё ж удалося заняць месца Хрыста)...

Перформанс працягваецца роўна гадзіну. Аляксандр Адамаў і Зуза выходзяць з залы.

Пакуль мастак адсутнічае, вывучаем буклет, падрыхтаваны да праекту. Філіял інстытуту дэлегаванай прысутнасці Shared Breathing абяцае «свабоду ад неабходнасці быць праектам самога сябе». Ухх!

«З 2023 года мы працуем у галіне глыбокіх даследаванняў экзістэнцыяльнай стомленасці і паспяхова развіваем інстытут дэлегаванай прысутнасці і прасторавай каліброўкі. Нашая сістэма валодае беспрэцэдэнтнымі рэсурсамі дадзеных, прызначанымі для задавальнення фундаментальнай патрэбы чалавецтва: адмовіцца ад гонкі за памнажэннем жыццёвага патэнцыялу…» – чытаем у буклеце і ўжо не разумеем, дзе тут мастацтва, а дзе медыцына.

,,

«Так-так, я б хацеў пабудаваць такую інстытуцыю ў рэальнасці, – на поўным сурʼёзе сцвярджае Аляксандр Адамаў. – Ідэя гэтай Hypermother як нейкай інфраструктуры дэлегаванай прысутнасці, хвалюе мяне ўжо даўно. Проста не пакідае маёй галавы. Я працую з гэтай тэмай ужо паўтара года. І таму такі інстытут можа зʼявіцца. У яго будзе нейкая структура і механізм працы, але які – я пакуль сам яшчэ не разумею».

«Спроба зірнуць на ідэю з іншай перспектывы»

Дэлегаваная прысутнасць, паводле Адамава, гэта «зняцце пафасу чалавечай выключнасці, адхіленне ідэяў самабічавання і самаразвіцця ў бок, гашэнне ўвагі – заспакаенне». Усё што было раней прымусам (ці ёсць зараз) – мусіць знікнуць.

У размове з «Белсатам» аўтар канцэпцыі Гіперрэалістычнай маці прызнаецца, што яму было вельмі важна, каб падчас перформансу гучалі ўрыўкі з выбраных кнігаў.

«Я не прэтэндую на татальнасць падыходу, але было цікава сумясціць гэтыя тэксты і паглядзець, як гэта працуе. Як паводзіць сябе рэчаіснасць, у якой размова пра шчасце спалучаецца з размовай пра эўтаназію і з практычнымі парадамі аб тым, як ратаваць сябе падчас катастрофы», – кажа мастак.

Нагадаем, што кніжкі, якія чыталіся падчас перформансу, як, дарэчы, і пярцовыя балончыкі са слязой Маці Божай, перамясціліся, можна сказаць, у прастору «Shared Breathing» з мінулага праекту Адамава. Але сам ён называе гэта толькі «перасячэннямі».

«Мне захацелася паглядзець і зразумець, як мая Гіпермаці трымае свае межы. Але бачу, што ўсё перамешваецца. Таму я б не сказаў, што гэта працяг. Гэта спроба зірнуць на ідэю з іншай перспектывы. І такіх спробаў будзе шмат, таму што мне трэба зразумець, з чаго канкрэтна складаецца канцэпцыя Hypermother, – тлумачыць аўтар праекту.

Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Усё адкрыта і магчыма»

«Саша, што б ты параіў наведнікам выставы, якія прыйдуць пазнаёміцца з тваёй Гіпермаці падчас «Warsaw Gallery Weekend» і пазней?» – пытаемся ў мастака.

«Па-першае – выспацца! Проста выспацца. А па-другое, калі сапраўды выспаліся і адчуваеце сябе нядрэнна, прыслухацца да сябе: ці гатовыя вы ўдзяліць увагу дэталям. І я бы прапанаваў глядзець гэтую выставу не як на набор аб’ектаў, раскіданых па прасторы, а як нешта цэласнае, звязанае між сабой. Там вельмі шмат схаваных спасылак, якія звязваюць працы адна з адной. І калі гэта пачаць шукаць, то становіцца вельмі цікава», – раіць Аляксандр Адамаў.

Мастак адпрэчвае ў сваім праекце традыцыйны падыход, калі арт-абʼекты адмяжоўваюцца ад рэчаіснасці рамай, формай колерам ці пастаментам. Тут так: робіш крок – і адразу трапляеш усярэдзіну «hyperMother. Shared Breathing».

«Мне сёння сказалі, што гэта прыгожа. І цудоўна! Табе падабаецца, таму што прыгожа, значыцца, ты атрымаў штосьці ад гэтай выставы. Хтосьці пачне шнырыць і знойдзе сувязі канцэптуальнага характару ў гэтых кнігах. І гэта ўсё адкрыта і магчыма. І без ціску. Не люблю ціску. Перформанс у мяне без ціску, музыка без ціску і прысутнасць – таксама без ціску», – падагульняе Аляксандр Адамаў.

Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Адкрыццё выставы і перформанс Аляксандра Адамава «Preliminary Procedure: Calibration of Denial» у Музеі Вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 18 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Беларускі праект WGW+ быў падтрыманы праграмай «ArtPower Belarus» і фінансуецца ЕЗ. Трапіць усярэдзіну выдуманай сістэмы Гіпермаці Аляксандра Адамава можна будзе да 4 кастрычніка. Але – яшчэ раз: не забудзьце выспацца!

Зміцер Міраш belsat.eu

‍