Belsat: „Życzcie nam artefaktu z Hagi!” Muzeum Wolnej Białorusi świętuje swoje czwarte urodziny

Icon
July 20, 2026
News Main Image

«Пажадайце нам артэфакту з Гаагі!» Музей вольнай Беларусі адзначае сваё чатырохгоддзе

17.07.2026, 14:13

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Свой чацвёрты дзень народзінаў святкуе 17 ліпеня варшаўскі Музей вольнай Беларусі. Напярэдадні музей стаў намінантам прэстыжнай еўрапейскай прэміі EMYA, а Poczta Polska павіншавала ўстанову, выдаўшы калекцыйную серыю марак з выявамі знакавых артэфактаў музею. «Белсат» сустрэўся з заснавальніцай і кіраўніцай Музею вольнай Беларусі Наталляй Задзяркоўскай, каб паразмаўляць пра мары і планы пляцоўкі.

Калі ў траўні 2022 года мы гутарылі з тады яшчэ будучай кіраўніцай Музею вольнай Беларусі (адкрыццё музею адбылося 17 ліпеня 2022 года) Наталляй Задзяркоўскайпра тое, які экспанат можа быць цэнтральным у музеі, яна распавядала нам пра гумовую кулю з 2020 года і сцяг з прозвішчамі палітвязняў, створаны Марыяй Грыц. Але не было тады яшчэ ні музейных фондаў, ні планаў развіцця. Усё пачыналася з нуля, а планы падмяняліся надзеяй: заўтра (праз месяц, паўгода, год…) мы вернемся ў Беларусь…

Сёння, калі пытаемся ў дырэктаркі Музею вольнай Беларусі, чаго найперш трэба зычыць музею ў дзень яго нараджэння, Наталля Задзяркоўская задумваецца ўсяго на секунду: «Пажадайце нам артэфакту з Гаагі!».

«Гэта будзе найкаштоўнейшы аб'ект музею»

«Паслядоўная палітыка культурнай каланізацыі». Навошта ў Беларусі зачыняюць беларускія брэнды і скасоўваюць фэсты

«Ведаеце, калі мы пісалі канцэпцыю музею, то ў нас там усё пра траўму і пра траўму было. Маем калекцыю, якая распавядае пра нашых ваяроў ва Украіне, і ў ёй, на жаль, шмат рэчаў людзей, якія загінулі. У нас ёсць калекцыя рэчаў палітвязняў, якая сама па сабе сумная. Але калі ўзяць, напрыклад, музей Вялікай Айчыннай у Менску, там ёсць зала Перамогі, яна вельмі пафасная, але яна ставіць кропку. Дык вось, – нам не трэба велізарных залаў. У нас будзе сціплая вітрына, пад шклом якой будзе ляжаць гэтая трэска з Гаагі. І гэта будзе найкаштоўнейшы абʼект музею», – малюе вобраз будучыні кіраўніца Музею вольнай Беларусі.

Сёння ў фондах Музею вольнай Беларусі знаходзіцца 680 артэфактаў. За гэты час музей сустрэў каля 40 тысячаў наведнікаў, якія прыходзілі на шматлікія выставы, канцэрты, тэатральныя імпрэзы і дыскусіі.

«У мяне такая мара, каб музей быў такім месцам, якое абʼядноўвае. Месцам, дзе людзі не мераюцца сваімі дасягненнямі і тым, хто больш варты ці хто тут найважнейшы. Каб стаў супольнай прасторай для людзей, якія прагнуць свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», – дзеліцца дырэктарка музею.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Не заўсёды так атрымліваецца. Музей, прыкладам, ніводнага разу не наведаў палітык Зянон Пазняк. Хоць, як запэўнівае Наталля Задзяркоўская, сярод экспанатаў музею ўжо нямала аб'ектаў, храналагічна звязаных з дэмакратычным рухам у Беларусі пачатку 1990 – 2000 гадоў.

,,«Я б вельмі хацела прыцягнуць да фармавання фонду прадстаўнікоў так званай старой апазіцыі. Бо іх унёсак фундаментальны. Без іх супраціву і дзейнасці на карысць Беларусі не было б 2020 года», – кажа Задзяркоўская.

«Усё выліваецца ў добрую капейку»

З тым, што трэба пашыраць храналогію, згодная ўся невялікая каманда музею: на поўную стаўку тут працуе ўсяго два чалавекі, яшчэ некалькі – на палову стаўкі. Вельмі часта рук і галоваў не хапае. Тады частку нагрузкі бяруць на сябе валанцёры – былыя палітзняволеныя («Бліжэйшыя нашыя памочнікі», – кажа кіраўніца музею). Сталая і эфектыўная супраца наладжаная з мастаком па святлу Данілам Ганчаровым і вядомым беларускім мастаком Аляксандрам Адамавым.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Некаторыя працоўныя месцы, як кажа Наталля Задзяркоўская, ствараюцца толькі на час рэалізацыі пэўных праектаў. Калі праект заканчваецца – грошай на заробак супрацоўніку няма. ,,«Але я абавязкова павінна захаваць людзей і знайсці магчымасць, каб яны працавалі тут, бо гэта для нас вялікая падтрымка», – гаворыць дырэктарка музею.

«Значыць, наша праца патрэбная». Беларусы ахвяравалі Віленскаму беларускаму музею больш як 19 тысяч еўраў

На пытанне, ці лёгка фінансава ўтрымліваць гэтую прастору, Наталля Задзяркоўская адмоўна ківае галавой.

«Хоць кошт арэнды не змяніўся. Горад, гэта значыць варшаўская мэрыя, па-ранейшаму дае нам льготы. Але за гэты перыяд значна павысілася плата за камунальныя паслугі. Утрыманне прасторы, заробкі людзям, падаткі плюс выдаткі на юрыдычныя і бухгалтарскія паслугі – гэта ўсё выліваецца ў добрую капейку, канешне», – канстатуе кіраўніца музею.

Як падтрымаць Музей вольнай Беларусі

Пералічваючы арганізацыі, якія дапамагаюць Музею вольнай Беларусі выжыць і рабіць сваю справу, яна называе найперш мэрыю Варшавы (Urząd m.st. Warszawy) і фундацыю Мацея Радзівіла «Trzy Trąby» («Тры трубы»). Каля 60 % фінансавання складаюць сродкі атрыманыя на ажыццяўленне асобных праектаў. Плюс – данаты беларусаў.

«І дзесьці 10 % – гэта грошы, якія мы зарабляем самі, за аказанне паслугаў у арганізацыі імпрэзаў. Гэта, дарэчы, лепш, чым атрымліваецца ў беларускіх інстытуцыях, якія абавязаныя, згодна з дзяржпраграмай «Культура Беларусі», мець пэўны адсотак з уласных даходаў, каб існаваць. Так што мы нават «дзяржпраграму» выконваем», – іранічна пасміхаецца Наталля Задзяркоўская.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Ну але гэта не так і проста. Людзям хочацца плаціць нармальныя заробкі. І чым больш мы пачынаем працаваць, чым больш развіваемся, тым больш я разумею, што трэба ўзяць яшчэ некалькі чалавек на розныя кірункі, каб разгарнуцца», – заўважае Наталля Задзяркоўская.

17 ліпеня беларусы могуць паўдзельнічаць у дабрачынным аўкцыёне і набыць калекцыйныя маркі, выдадзеныя да чатырохгоддзя музею Поштай Польшчы, – з аўтографамі Мацея Радзівіла, Алеся Бяляцкага і Святланы Алексіевіч. І гэтым самым – падтрымаць музей і павіншаваць яго са святам. На марках – выявы знакавых артэфактаў з музейнага фонду.

Музей вольнай Беларусі – намінант прэміі «Еўрапейскі музей года»

Свой чацвёрты дзень народзінаў музей сустракае ў статусе намінанта на прэстыжную еўрапейскую музейную прэмію EMYA (European Museum of the Year Award).

«Мы трапілі ў лонг-ліст прэміі «Еўрапейскі музей года» і Музейнага прызу Рады Еўропы (EMYA-2027) і чакаем далейшых вынікаў», – паведамляецца ў прэс-рэлізе беларускага музею.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Музей у Грунвальдзе адказаў на просьбу беларусаў паставіць бел-чырвона-белы сцяг

Наталля Задзяркоўская апавядае, што ідэя падацца на гэтую прэстыжную прэмію ўзнікла, калі яна з камандай пабывалі на цырымоніі ўзнагароджання EMYA, якая ў 2025 годзе адбывалася ў Беластоку (лаўрэатам прэміі ў 2024 годзе стаў беластоцкі мемарыяльны музей «Сібір»).

У Беластоку прэмію ў адной з намінацыяў (прэмія Кенэта Гадсана за інстытуцыйную мужнасць і прафесійную сумленнасць) атрымала былая дырэктарка Аб'яднаных музеяў Тбілісі Ніні Санадзірадзэ.

«Яе выклікалі на сцэну, і ўся зала, узрушаная ейным подзвігам, устала і вітала Ніні воплескамі. І мы ўсталі – беларускія музейшчыкі. А я стаю і думаю: вось яна возьме зараз гэтую ўзнагароду пад пахі і спакойненька вернецца сабе ў Тбілісі. А мы – чатыры чалавекі і я – не можам вярнуцца ў Беларусь… Трое з нас сядзелі за кратамі. А працу і радзіму страцілі ўсе. І я сказала тады: «Слухайце, калі гэтая музейная прэмія Рады Еўропы ўручаецца за прамаванне ідэяў дэмакратыі», то гэта намінацыя – нашага музею», – апавядае заснавальніца і кіраўніца Музею вольнай Беларусі ў Варшаве.

Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Дырэктарка Музею вольнай Беларусі Наталля Задзяркоўская. Варшава, Польшча. 15 ліпеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Каманда ідэю падтрымала. Літаральна некалькі дзён таму прыйшоў ліст ад арганізатараў EMYA з інфармацыяй аб тым, што Музей вольнай Беларусі трапіў у даўгі спіс прэміі.

«Гэта вялікая адказнасць. У жніўні да нас прыедзе спецыяльная камісія журы конкурсу. Усё вельмі сурʼёзна. Потым з кандыдатаў фармуецца шорт-ліст прэміі. І ведаеце, калі мы нават трапім толькі ў кароткі спіс конкурсу – гэта для нас, зусім маладога музею, будзе вялікае дасягненне», – кажа Наталля Задзяркоўская.

Пра перамогу ў конкурсе яна нават не кажа («Не хачу сурочыць»). Але мы зычым музею менавіта перамогі.

«І канешне ж, – артэфакту з Гаагі! З днём народзінаў!» – зычым на развітанне.

Зміцер Міраш belsat.eu

#НАТАЛЛЯ ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ