«Беларускасць павінна быць сексі!» У Варшаве прайшоў фестываль «Maldzis»

Icon
September 8, 2025
News Main Image

Ініцыятыва «Maldzis» адзначыла свой першы дзень народзінаў і з гэтай нагоды 7 верасня ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі зладзіла святочны фестываль – з выставай, дыскусіямі, гульнямі, лекцыямі і канцэртам напрыканцы. «Вельмі жывенька!» – так ацаніў падзею адзін з наведнікаў фестывалю. «Белсат» таксама занурыўся ў атмасферу фэсту.

«Год таму мы не мелі нават разумення, куды будзем рухацца і дзе апынёмся. Але разумелі, што тэма культурнай і гістарычнай спадчыны вельмі важная для беларусаў, як вельмі важная і ідэя еўрапейскасці беларусаў. Калі пачалі, адразу адчулі, што ёсць водгук у грамадстве, таму і пайшлі ў гэты бок. І таму за год экспазіцыя артэфактаў вырасла. Лічу гэта нашым поспехам. Яшчэ адна паспяховая рэч – нашыя медыйныя праекты, а менавіта «Гэта топ!» з Сашам Івуліным і «ТыкТок» «Свет Мальдзіса». Ці маглі мы сабе ўявіць, што праз год будзем рабіць фестываль і летнюю школу? Магчыма, не», – разважае ў размове з «Белсатам» адзін з сузаснавальнікаў ініцыятывы «Maldzis» сацыёлаг Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня на адкрыцці фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Рыгор Астапеня на адкрыцці фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Сёння ў экспазіцыі «Мальдзісу» – пяць артэфактаў. Гэта Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ВКЛ, карта ВКЛ Яна Няпрэцкага, першае выданне кнігі «Жазло кіравання» (1667) Сімяона Полацкага і «Вялікае майстэрства артылерыі» (1651) Казіміра Семяновіча, выдадзенае па-французску.

Экспанаты, якія сабрала ініцыятыва «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Экспанаты, якія сабрала ініцыятыва «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Экспанаты, якія сабрала ініцыятыва «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Экспанаты, якія сабрала ініцыятыва «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

«Беларусь – чэмпіён свету ў стратах»

Падчас фэсту гэтыя бясцэнныя кнігі і мапы размяшчаюцца ў адным з пакояў Музею Вольнай Беларусі. У якасці экскурсавода – былы дыпламат і сузаснавальнік ініцыятывы «Maldzis» Павел Мацукевіч.

«Навошта мы павінны займацца гістарычнай спадчынай? У мяне будзе некалькі адказаў. Пачну з таго, што гэта, на маю думку, пытанне гонару, годнасці, нават выжывання нас як нацыі, пытанне вызначэння нашай будучыні. Па-другое, вяртаннем спадчыны трэба займацца, бо яна страчаная. Беларусь можна лічыць чэмпіёнам свету паводле маштабаў страчаных нацыянальных культурных каштоўнасцяў», – тлумачыць падчас свайго выступу на фестывалі Павел Мацукевіч.

Ён прыводзіць меркаванне першага беларускага міністра замежных справаў Пятра Краўчанкі, які на пачатку 1990-х гадоў лічыў, што Беларусь страціла аж 99 % сваёй нацыянальнай культурнай спадчыны. Краўчанка, паводле словаў Мацукевіча, спасылаўся пры гэтым на звесткі UNESCO. За 30 гадоў незалежнасці штосьці ўдалося вярнуць, але гэтага мала.

Павел Мацукевіч на адкрыцці фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Павел Мацукевіч на адкрыцці фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

«Тут паўстае іншая праблема: нашым грамадствам да сёння не асэнсаваны маштаб гэтых стратаў, ён не ўсвядомлены намі. Гэта вялікі выклік для нас і для ўсяго беларускага грамадства», – падсумоўвае Павел Мацукевіч.

«Веру ў той агонь, што загарэўся ў беларускіх душах»

Але грамадства змяняецца. Пераломным момантам у гэтым сэнсе быў 2020 год, мяркуе аналітык і адміністрацыйны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Павел Данэйка, які ўзяў удзел у дыскусіі, прысвечанай праблеме беларускай ідэнтычнасці («Чаму беларушчына не захапіла масы і як гэта можна змяніць?» – так гучала адно з асноўных пытанняў).

«Я думаю, што 2020 год быў важным пераломным момантам у самарэфлексіі беларускай нацыі. З'явіўся гонар за сябе. І гэта вельмі важна… І цяпер, калі мы здолеем стварыць такія дыяспары, як гэта зрабілі ў свой час ірландцы ці габрэі, то мы зробімся той нацыяй, якой будзем ганарыцца, нацыяй, якая створыць будучыню Беларусі. Калі ж зноў растворымся ў іншых – будзе сумна. Але я веру ў нас, веру ў той агонь, што загарэўся ў беларускіх душах – ён будзе весці нас наперад!» – дзяліўся аптымізмам са слухачамі Павел Данейка.

У першай дыскусіі, што мадэравала дырэктарка Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік, бралі ўдзел таксама кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін, журналістка і дырэктарка «Нашай Нівы» Наста Роўда і сузаснавальнік «Мальдзіса» Рыгор Астапеня.

Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Павел Данэйка, Сяргей Будкін і Наста Роўда падчас дыскусіі «Каму цікава і нецікава беларускасць сёння?» на фестывалі «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Рыгор Астапеня, Леся Руднік, Павел Данэйка, Сяргей Будкін і Наста Роўда падчас дыскусіі «Каму цікава і нецікава беларускасць сёння?» на фестывалі «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

Наста Роўда закранула праблему «пункту ўваходу ў беларускасць»: вельмі часта ні ў сямʼі, ні ў садку, ні ў школе гэтага ўваходу проста не знайсці. Патэнцыял – у асобных людзях, сцвердзіла Роўда, прыводзячы прыклад Славы Камісаранкі, чые стэндапы можна слухаць і па-беларуску.

«Беларускасць павінна быць сексі! Ніхто не хоча быць бедным, няшчасным, гаротным, зацюканым беларусам – ну гэта не прывабна. Усе хочуць быць класнымі і крутымі. І мы, як агенты ўплыву ў расейскамоўным асяроддзі, павінны быць вось такімі», – казала Наста Роўда.

«Нашыя злодзеі і нашыя паскуды…»

Падобна, што гэтым правілам – «быць сексі!» – кіраваліся і выпускнікі летняй школы «Maldzis», якія прэзентавалі на фестывалі свае праекты. Наведнікі фэсту маглі ўзяць удзел у квізе «Беларусь на старых паштоўках» ці ў гульнявой лекцыі пра выбітных беларускіх жанчын, паглыбіцца ў гісторыю беларускага коміксу ці схавацца ў покуці з незвычайным абразом, на якім у ролі святога – Францішак Багушэвіч, а хрысціянскі крыж суседзіць з літарай «ў». А былі ж яшчэ і размовы ў прасторы «Ссабойка» («Не браць з сабой, а дзяліцца з іншымі»), і эксперыменты ў «Майстэрні вершаформаў».

Пасля перапынку дыскусіі ўзнавіліся. Ва ўнутраным дворыку, што гэтым днём выконваў ролю дыскусійнай залы, з кароткімі прамовамі выступілі гісторык Цімох Акудовіч («Ці можа «Кніжны магістрат» змяніць беларускае кнігавыдавецтва?»), Павел Мацукевіч («Навошта займацца вяртаннем спадчыны?»), пісьменнік і музычны крытык Аляксандр Чарнуха («Што робіць музыку беларускай?»).

«Як па мне, «беларуская музыка» – гэта ўмоўнасць. Зараз патлумачу чаму. Усё, што вы хочаце лічыць за беларускую музыку, ёсць беларускай музыкай», – правакаваў публіку Аляксандр Чарнуха, падмацоўваючы сцверджанне рознымі прыкладамі ды гісторыямі.

Беларуская музыка, мяркуе Чарнуха, гэта не толькі нашыя легенды, але і «нашыя злодзеі і нашыя паскуды».

«Няважна, на якой мове яны спяваюць – яны частка нашага кантэксту. Гэта нашыя «рабяты», нягледзячы на тое, якая ў іх пазіцыя, падабаюцца нам іхная музыка і іхныя ўчынкі ці зусім не падабаюцца. Калі мы будзем іх выпісваць з нашага кантэксту і з нашай музыкі, то наведнікі музеяў зноў будуць глядзець на шыльду «Марк Шагал – расейскі мастак» ці нешта такое», – лічыць Аляксандр Чарнуха.

Макс Корж таксама частка «нашага кантэксту», мяркуе Чарнуха, і выпісаць яго адтуль немагчыма, што б мы пра яго ні думалі і як бы яго ні ацэньвалі.

Забягаючы троху наперад, зазначым, што фестывальную праграму «Мальдзіса» завяршыў у гэты дзень выступ музычнага гурта, беларускасць якога ніяк не аспрэчыш. Людзі танчылі і спявалі пад музыку «Nochy».

Наведнікі фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Наведнікі фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

«Беларусы нагадваюць глыбокую студню»

Яшчэ да канцэрту прысутныя сталіся сведкамі пранізлівай размовы Аляксандра Івуліна з пісьменніцай Святланай Курс (Ева Вежнавец) – размовы пра беларускую ідэнтычнасць, каханне і смерць. Не маем такой сілы, каб перадаць эмоцыі, якія панавалі ў зале, але дзелімся некалькімі цытатамі з адказаў Святланы Курс.

«Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць дыхае, дзе хоча. Тое, што адбываецца ў вёсцы, троху цяпер нагадвае прыгон. І многія людзі не маюць куды ўцячы, апрача як у алкаголь. І спадзявацца толькі на беларускую вёску ў гэтым сэнсе не варта.

Дык яшчэ раз: беларускі дух сапраўды дыхае, дзе хоча. І менавіта таму ён незнішчальны. І я даўно перастала хвалявацца за Беларусь. «Кінь вечны плач свой аб старонцы», – цытавала Максіма Багдановіча Святлана Курс.

«Беларус ва ўсім імкнецца да залатой сярэдзіны. Ён такі індывідуаліст, але і вялікі грамадовец, чалавек талакі. У ім няма пустаты. У ім многа змесціва, зместу. Глыбіні, схаванасці… Беларусы мне настолькі блізкія, што бывае цяжка сфармуляваць сваю думку. Але ў беларусаў я вельмі люблю стойкасць, лірычнасць і мяккасць. Сціпласць. Харошую такую сціпласць. Не такую, што – забіўся пад плінтус і сядзіш, а такую, калі, ведаеце, чым болей глыбіні, тым больш чалавек ціхі. А беларусы нагадваюць глыбокую студню. У Беларусі многа маўчання…» – разважала пісьменніца.

Наведнікі фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат
Наведнікі фестывалю «Maldzis». Варшава, Польшча. 7 верасня 2025 года. Фота: Белсат

«У мяне страху ўжо няма, бо я стаю фактычна перад смерцю. Маю некалькі адсоткаў выжыць. Можа, два. Можа, тры. І страху няма, бо я лічу, што я за свае грахі адпакутавала. Але не хачу быць занадта саманадзейнай і, канешне, баюся стаць перад абліччам Госпада. Я ўпэўненая, што перад ягоным абліччам мы ўсе спалохаемся, падзём ніц і моцна пашкадуем пра тое, што зрабілі…» – дзялілася думкамі выступоўца.

«Сёння я зычу вам, каб вы пражылі гэты дзень шчасліва і файна правялі свой вечар. Галоўнае, каб ніхто не мог адабраць нашага жыцця, паўсядзённага і шчаслівага. Які б нас лёс не чакаў – давайце жыць. Пойдзем у жыццё!» – так завяршыла свой выступ Святлана Курс.

«Maldzis» – валанцёрская ініцыятыва, якая бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол культурнай спадчыны і ўмацаванні вобразу Беларусі як еўрапейскай краіны. Ініцыятыва атрымала назву ў гонар дзеяча культуры і навукоўца Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя каштоўнасці і імёны Беларусі. «Maldzis» працягвае гэтую справу.

Арыгiнал артыкула: belsat.eu

Czytaj więcej